Кафедры класічнай філалогіі БДУ — 20 гадоў
Nos nihil magni fecisse, sed tantum ea, quae pro magnis habentur, minoris fecisse.
Мы нічога не зрабілі вялікага, толькі абясцэнілі тое, што лічылася вялікім.
Калі я думаю пра адкрыццё, а ў далейшым пра развіццё класічнай філалогіі ў Беларусі, мне прыгадваецца цытата з Тацыта: «Rara temporum felicitas, ubi quae velis sentire et quae sentias dicere licet»1. Менавіта ў 90-я гг. мінулага стагоддзя, дзякуючы змене статусу нашай краіны, стала магчымым вяртанне да сваіх каранёў, да еўрапейскага менталітэту, уласцівага беларусам яшчэ ў эпоху Сярэднявечча. Лацінская адукаванасць, адзін з яго складнікаў, была характэрна беларускаму этнасу і стала яго своеасаблівым генетычным кодам. Прычым, калі ў суседняй Расіі прылучэнне да еўрапейскіх каштоўнасцей зыходзіла зверху, а дакладней, укаранялася «жалезнай рукой» Пятра І, то на нашых землях гэты працэс быў проста modus vivendi і пачаўся, дарэчы, дзесьці на паўстагоддзя раней. Беларусы свабодна валодалі лацінскай мовай, заканчвалі еўрапейскія ўніверсітэты. Лацінамоўная літаратура Беларусі, наша юрыспрудэнцыя, ваеннае майстэрства — пацверджанне гэтай тэзы.
Тут таксама варта адзначыць, што пры арыентацыі на заходнія каштоўнасці наш народ застаўся верны сваім прынцыпам, не страціў сваёй індывідуальнасці ў лепшым разуменні гэтага слова. Беларусы ва ўсе часы шанавалі адукаванасць і пісьменнасць.
Вяртанне да антычнай спадчыны таксама было характэрна еўрапейскай цывілізацыі не аднойчы. Таму ў цяжкія моманты быцця еўрапейскае грамадства заўсёды звярталася да антычнасці. Дастаткова ўспомніць эпоху Адраджэння, калі апора на дасягненні антычнасці дала такія бліскучыя вынікі, стварыўшы падмурак еўрапейскага Асветніцтва. Акрамя таго, у ведах мінулага бачацца не толькі шляхі сучаснасці, але і вызначаецца будучыня.
Унёсак антычнасці ў культуру Новага часу таксама ўнікальны. Па-першае, антычная цывілізацыя стварыла цэласную сістэму дзяржаўнасці і законнасці. Па-другое, менавіта ў ёй зараджаецца разуменне таго, што свабода чалавека — гэта неабходная ўмова пераўтварэння і развіцця грамадства і дзяржавы. Па-трэцяе, антычная філасофія, літаратура, мастацтва не толькі залажылі падмурак еўрапейскай культуры, але і сталі меркай асноўных чалавечых каштоўнасцей. І, нарэшце, на прыкладах развіцця антычнага грамадства мы бачым, наколькі небяспечна неабдуманая «дэмакратыя», якая вяла або да тыраніі і анархіі, або да дэспатыі і манархіі ўсходняга тыпу, што ў выніку прыводзіла грамадства да краху. На гэтым фоне выяўляліся найгоршыя чалавечыя рысы: прагнасць, чалавеканенавісніцтва, расавая нецярпімасць, амаральнасць, дзікая распушчанасць, якая пранізала ўсе пласты грамадства. Гібель антычнай цывілізацыі — гэта не толькі найвялікшая трагедыя ў гісторыі Еўропы, але таксама сур’ёзнае папярэджанне нашчадкам.
Як вучыць гісторыя, нідзе так, як у Рымскай імперыі, не было сканцэнтравана столькі болевых праблем, што не магло не прывесці да гібелі дзяржавы. Перш за ўсё, гэта і грандыёзныя сацыяльна-эканамічныя эксперыменты над рознымі па менталітэце этнасамі, і сутыкненне часам розных па вытоках культур і ідэй, і моўная праблема, а таксама павольнае згасанне старых традыцый і генерацыя на іх глебе новай маралі ўсёдазволенасці і распушчанасці, роўна як і адмова ад старых багоў і схіленне перад новымі. Ці не выява сучаснага свету паўстае перад намі?
Аднак, нягледзячы на магчымасць гістарычнай аналогіі, варта памятаць, што антычная культура непаўторная і ўнікальная. Патрабуецца адмысловы падыход да яе вывучэння, бо, з аднаго боку, яна ўсёабдымная і глабальная, з іншага — з’ява адзінкавая. Тым не менш, цалкам відавочна, што разуменне таго, што адбываецца ў нашы дні, будзе больш паглыбленым, калі глядзець праз прызму мінулага і досвед іншых народаў. Для больш дасканалага асэнсавання сутнасці антычнай цывілізацыі і яе ўплыву на сучасную культуру неабходны падрыхтаваныя кадры, якія ведаюць класічныя мовы, антычную філасофію, літаратуру, гісторыю, культуру.
Падрыхтоўкай такіх кадраў і займаецца кафедра класічнай філалогіі БДУ. Нашы выпускнікі, акрамя дзвюх класічных моў, ведаў па антычнай філасофіі, гісторыі, літаратуры і культуры, валодаюць дадаткова дзвюматрыма замежнымі мовамі, здольныя да аналітычных прагнозаў. Спектр практычнага ўжывання велізарны: ад піяр-мэнэджараў да аналітыкаў самага рознага ўзроўню, бо нішто з гуманітарных навук так не развівае розум, як лагічныя і дасканалыя класічныя мовы. <...>
Г. І. Шаўчэнка
2015 г.
1 «Выключна шчаслівы той час, калі можна думаць, што хочаш, і казаць, што думаеш» («Гісторыя», I, 1). Назад
Філалагічныя штудыі = Studia philologica : зб. навук. арт. / пад рэд. Г. І. Шаўчэнка, К. А. Тананушкі ; рэдкал.: А. В. Гарнік [і інш.]. — Вып. 8. — Мінск, 2015. — С. 3–4.