PHILOLOGIA CLASSICA

Сайт кафедры классической филологии БГУ


Кафедра классической филологии БГУ

Навошта адраджаць класічную адукацыю?

…глубже опускаясь в смысл бы­ло­го — рас­кры­ва­ем смысл бу­ду­ще­го, гля­дя на­зад — ша­га­ем впе­ред.

А. Герцэн

Гісторыя класічнай адукацыі на Беларусі звязана, перш за ўсе, з уключэннем дзяржавы ў агульны працэс еўрапейскага адраджэння, фундаментам якога, безумоўна, з’яўляецца антычная спадчына. Сёння, як ніколі, стаіць перад намі пытанне аб адраджэнні тых культурных еўрапейскіх традыцый, якія сфарміраваліся ў Беларусі ў Сярэднявеччы.

Вядома, што антычная культура прыйшла на Беларусь з Захаду ў рымскай інтэрпрэтацыі, гэта добра ілюструецца новалацінскай літаратурай. Усяму свету вядомы прозвішчы знакамітых беларускіх паэтаў-лаціністаў Яна Вісліцкага (каля 1480–1520 гг.) і Міколы Гусоўскага (1470?–1533 гг.), а імя беларускага першаасветніка, перакладчыка Бібліі на беларускую мову Францыска Скарыны (1490 – не пазней за 1551 г.), даўно ўвайшло ў скарбонку сусветных імёнаў.

Акрамя таго, роля Беларусі ў распаўсюджанні і перадачы еўрапейскай культуры на Усход яшчэ недастаткова вывучана і ацэнена. Часцей прыярытэты ўплываў заходняй культуры, скажам, на рускую, аддаюцца Польшчы. Гэты тэзіс, на наш погляд, спрэчны, але ў нашым артыкуле мы не ставілі задачу аргументаваць яго. Упэўнены ў тым, што антычная культура на Беларусі не толькі акумуліравалася, але і развівалася, не толькі мела ўплыў на нацыянальную, але і сфарміравала сваю беларускую разнавіднасць.

Наогул любая адукацыя ў Еўропе не мыслілася без вывучэння класічных моў, антычнай літаратуры і гісторыі, міфалогіі, рыторыкі, культуры. Выкладанне класічных моў і антычнасці на Беларусі ў сярэднія вякі было на такім узроўні, што давала беларусам права вучыцца ў прэстыжных універсітэтах Еўропы, дзе выкладанне здзяйснялася выключна на лацінскай мове. Ф. Скарына вучыўся ў Ягелонскім універсітэце (Кракаў), а потым здаў экзамен на атрыманне вучонай ступені доктара медыцыны ў славутым Падуанскім універсітэце ў Італіі.

У Еўропе лаціна была не толькі мовай навукі, ёю карысталіся ў справаводстве, юрыспрудэнцыі, у асноўным толькі яна выкарыстоўвалася пры дыпламатычных зносінах, а каталіцкая царква аж да Другога Ватыканскага сабора (1962–1965 гг.) вяла свае службы на лацінскай мове.

Лацінская мова ў сярэднія вякі была агульнай для большасці краін Еўропы, яна функцыянавала як адзіная, супольная пісьмовая мова, што ў далейшым садзейнічала фарміраванню светапоглядаў, якія ляжаць у аснове еўрапейскага менталітэту, а таксама адбіліся на рэцэпцыі антычнай культуры ў еўрапейскую.

На Беларусі ад таго часу засталося вялікае мноства дакументаў і актаў, якія маюць вялікую гістарычную каштоўнасць. Такім чынам, адраджэнне беларускай культуры, у поўным сэнсе гэтага слова, адбудзецца толькі тады, калі мы на пэўную вышыню ўзнімем гуманітарную адукацыю, і ў тым ліку — класічную.

Незалежнай Беларусі патрэбны не толькі выкладчыкі класічных моў і антычнай літаратуры, але і перакладчыкі з гэтых моў. Іх чакаюць у аднолькавай меры і новалацінская літаратура, і дакументы — сведкі гісторыі, і творы антычных аўтараў, перакладамі якіх на беларускую мову мы не можам пахваліцца. Між тым, беларускі чытач павінен ведаць і Гамера, і Сафокла, і Платона, і Арыстоцеля, і Цыцэрона, і Гарацыя, і Цэзара — і іншых вялікіх грэкаў і рымлян на роднай мове. Толькі тады ён будзе адчуваць сябе еўрапейцам, прыналежным да вялікай цывілізацыі, вытокі якой знаходзяцца ў антычнай культуры. Тым больш, што беларусы заўсёды былі не апошнімі ў свеце ў вывучэнні і памнажэнні гэтай цывілізацыі, пачынаючы з Сярэднявечча і — аж да новага часу. Дастаткова спаслацца на імя Адама Нарушэвіча (1733–1796 гг.) — вядомага філолага, гісторыка, перакладчыка, паэта і пісьменніка. Фенаменальны вучоны Адам Нарушэвіч з’яўляецца асобай значнай і для беларускай, і польскай, і літоўскай культуры.

Нарадзіўся Адам Нарушэвіч на Піншчыне. Скончыў Пінскую езуіцкую школу і Віленскую акадэмію (1754 г.). Потым вучыўся ў Францыі — у горадзе Ліёне. Удасканальваў свае веды ў Італіі і Германіі. Выкладаў лаціну ў Віленскай акадэміі, затым заняў кафедру паэтыкі ў гэтай жа навучальнай установе, дзе выкладаў стылістыку і гісторыю літаратуры. Тонкі знаўца класічных моў Адам Нарушэвіч адным з першых на славянскай прасторы зрабіў пераклад на польскую мову Карнэлія Тацыта. Праца мела значны рэзананс у навуковым асяроддзі, яна да цяперашняга часу лічыцца лепшай у еўрапейскай літаратуры, а пераклады Гарацыя — самымі поўнымі і дасканалымі.

Навуковая спадчына Адама Нарушэвіча надзвычай багатая і важная. Ён аўтар семітомнай «Гісторыі Польшчы» (Варшава, 1780–1824 гг.), гісторыі Крыма — «Таўрыя» (Варшава, 1781 г.). Гэтыя фундаментальныя працы значныя не толькі грунтоўнасцю высноў, не толькі ювелірным аналізам крыніц, але ў большай меры тым, што яны ў поўным сэнсе з’яўляюцца піянерскімі для славянскай супольнасці.

Вывучэнне класічных моў і антычнай спадчыны — першая прыступка да асэнсавання свайго месца ў еўрапейскім асяроддзі, усведамлення, што без мінулага няма сённяшняга.

Г. І. Шаўчэнка

2009 г.