В. С. Забродская
Эвалюцыя жанру эпіталам ад антычнасці да эпохі Адраджэння
Песні, што выконваліся падчас вяселляў у старажытнай Грэцыі і Рыме, па сваім прызначэнні і функцыях падзяляліся на некалькі відаў, бо яны аздаблялі канкрэтныя абрадавыя дзеянні падчас вяселляў. Першае літаратурнае згадванне пра вясельную песню, якая суправаджала абрад заключэння шлюбу ў старажытнай Грэцыі, прысутнічае ўжо ў «Іліядзе» Гамера (XVIII, 490–496). Вось што піша гэты вядомы загадкавы аўтар, калі апісвае шчыт Ахіла:
(Пераклад Н. І. Гнедзіча) |
Такім чынам, як было адзначана вышэй, у Гамера мы сустрэліся з літаратурным засведчаннем абрадавай песні — гіменеі. Да літаратурнага рангу тыя творы падняла паэтэса з вострава Лесбас — Сапфо. Творы на вяселлі пісаў і паэт Алкман [1, 15]. Міфалагічныя тэмы, а менавіта матыў шлюбу багоў і герояў, з’яўляецца і ў іншых паэтаў, напрыклад Стэсіхора, які апісвае прыезд Менелая і Алены, у Эсхіла («Праметэй прыкаваны», 555–560). Хор у камедыі Арыстафана «Птушкі» спявае пра вяселле Зеўса і Геры ў гіменеі падчас шлюбных урачыстасцяў Радзіруха і Базылеі [2, 106] У рэфрэнічным гіменеі Арыстафана ў камедыі «Спакой» мы знаходзім матыў пахвалы маладога.
Апрача гіменеяў, якія суправаджалі цырымонію правядзення маладой да дому маладога, у старажытнай Грэцыі спяваліся песні ўвечары перад пакоем маладых — эпіталамы. Гэту назву пачалі ўжываць у эпоху элінізма ў ІІІ ст. да н. э. Існавалі таксама і іншыя назвы вечаровай песні: katakoimetikon і kateunastikon. На жаль, з усёй старагрэчаскай літаратуры да нас дайшлі толькі вельмі кароткія фрагменты вясельных песняў Сапфо (VIII ст. да н. э.), Філаксена і Тэлеста (V–IV ст. да н. э.), Эратасфена, Калімаха і Партенія (александрыйская эпоха) [3].
Паэт Феакрыт напісаў «Эпіталаму Алене і Менелаю», якую спявае перад пакоем хор дзяўчат. Гэты твор хоць і мае пэўныя агульныя рысы з гіменеем, але ж выразна адрозніваецца ад апошняга [4, 17–21]:
1) адсутнічае рэфрэн «ὑμὴν ὦ Ὑμέναιε...» (традыцыйны зварот да бога знаходзіцца толькі ў апошнім радку твора);
2) адсутнічаюць звароты да ўдзельнікаў вяселля, але некалькі разоў хор дзяўчат звяртаецца да маладых, каб ішлі спаць.
З эпіталамамі Сапфо гэтыя творы яднаюць наступныя рысы:
1) шырокае выкарыстанне жартаў з маладога;
2) пахвала яднання сем’яў, пахвала маладой, яе знешнасці і здольнасцям;
3) пажаданні вялікага кахання, здаровых нашчадкаў, дабрабыту.
У рымскай літаратуры мы таксама знаходзім згадкі пра абрадавыя вясельныя песні. Падобна да грэкаў, якія запрашалі Гіменея, рымляне ўжывалі рэфрэн «Tallasio». Таксама вялікую ролю ў італійскай культуры адыграў айчынны вясельны звычай, які паспрыяў папулярызацыі жартаўліва-свавольнага варыянта песні, т.зв. carmen/versus fesceninum. Гэты варыянт сфарміраваўся ў Fesceninum (мясцовасць у паўднёвай Этрурыі). Вядомым аўтарам такіх твораў быў Аўзоній. Падтрымліваючы традыцыі, выпрацаваныя грэкамі, рымляне насычалі эпіталамы пахвальнымі матывамі (прыгажосць маладой, сіла маладога), зычэннямі шчасця, вялікай колькасці нашчадкаў, чэрпалі параўнанні і метафары з навакольнага свету, дадавалі да твораў постаці багоў і міфалагічныя алюзіі.
Выдатны рымскі паэт Катул (I ст. да н. э.) у сваіх творах спалучаў некалькі відаў вясельных песняў. Так, «Эпіталама на шлюб Вініі і Манлія Тарквата» ўяўляе сабой злучэнне наступных абрадавых песняў, якія суправаджалі маладых падчас іх святочнай урачыстасці:
• 1–75 радкі — «Гіменей» з яго неад’емным заклікам «O Hymenaee, Hymen ades»;
• 75–120 — песня-заахвочванне маладой да выхаду з дома;
• 121–190 — deductio — правядзенне маладой да дома маладога;
• 190–235 — сама эпіталама, пажаданні шчасця і шматлікіх нашчадкаў маладым перад уваходам у шлюбны пакой [14, 35–38].
Як бачым, згаданыя вышэй творы маюць выразны лірычны пачатак, яны звязаныя з абрадавымі песнямі і перадаюць перажыванні закаханых герояў. Але існаваў і другі від эпіталам — эпічны. Прыкладам яго з’яўляецца «Эпіталама Пелею і Фетыдзе» Катула (64).
Паэт з Вероны выкарыстаў там апісанне палаца Пелея, фесалійскай моладзі, багоў, якія прыйшлі на вяселле, падарункаў і г. д. Дарэчы, адбываюцца змены не толькі ў змесце, але таксама і ў метрыцы твораў. Так, выкарыстоўваюцца ўжо не вершаваныя памеры абрадавых песень (ямбы, сапфічная страфа, спалучэнне гліканея і ферыкратэя), але эпічны метрычны памер — дактылічны гекзаметр.
Апрача вясельных абрадавых песняў існавалі і прамовы, якія выкарыстоўваліся падчас свят (λόγος γαμικός альбо λόγος ἐπιθαλάμιος). Традыцыі такіх прамоў працягваў Стацый у сваёй «Эпіталаме да Стэлы і Віалентылы». Гэты твор уражвае сваім панегірычна-энкамічным характарам, які падкрэслены тым, што ўсе laudes прамаўляюць багі.
Пахвальна рытарычныя эпіталамы пісаў і паэт Клаўдзіан (IV–V ст.). Гэта «Эпіталама да Паладзія і Цэлірыны» і «Эпіталама на шлюб Ганорыя і Алены». Галоўнай тэмай у іх з’яўляецца энкомій маладым, а таксама іх бацькам, іх паходжанню, учынкам, здольнасцям, рысам характару, знешнасці. Рытарычны ж характар яго эпіталама атрымлівае дзякуючы даволі шырокаму выкарыстанню стылістычных сродкаў аратарскай прозы: рытарычных пытанняў («Quid tantum gavisus?.. Quis jacuit tellus?..») параўнанняў і г.д.
Дарэчы, побач з узнікненнем і развіццём эпічнага рытарычна-пахвальнага вясельнага твора за ім трывала замацавалася назва, якая здаўна выкарыстоўвалася для азначэння абрадавай песні, якая спявалася ўвечары перад пакоем маладых: epithalamion альбо лацінізаванае epithalamium. Клаўдзіан у першым радку прадмовы да «Эпіталамы для Паладзія і Цэлірыны» акрэслівае свой верш як carmina per thalamum [3, 123].
Пахвальна рытарычны варыянт эпічнай эпіталамы працягваў развіццё ў творах хрысціянскіх паэтаў позняй антычнасці і ранняга сярэднявечча Сідонія Апалінарыя (430–486 гг.) «Epithalamium Rurico et Hiberiae» і «Эпіталама да Палемія і Аранеолі», Эмілія Дракoнція (439–534 гг.) «Epithalamium in fratribus dictum» i «Epithalamium Ioannis et Vitulae», Энодзія (473–521 гг.) «Epithalmium dictum Maximo V.S.», Венанцыя Фартуната (пам. у 610) «De domno Sigebertho rege et Brunhilde regina».
Характэрнымі асаблівасцямі жанру эпіталам таго перыяду было спалучэнне паганскіх і хрысціянскіх элементаў, а таксама алегарычны характар некаторых твораў, якія набываюць рысы энцыклапедычных трактатаў (Эпіталама Драконція, трактат Марцыяна Капэлы «De nuptiis Philologiae et Mercurii»). Увогуле, аўтары працягвалі традыцыі Клаўдзіана і Стацыя [1, 26–28].
У сярэднявеччы з’явілася шмат твораў пад назвай «эпіталама». Гэта былі творы рэлігійнага зместу, напісаныя ў форме эпічных паэм, гімнаў, псалмоў, празаічных трактатаў, лістоў і г. д. Да іх пісаліся шматлікія каментарыі. Аўтары паспяхова спалучалі ў сваіх творах паганскія і біблійныя элементы. Самымі папулярнымі былі энкоміі ў гонар Бога або Марыі — Маці Божай [1, 29].
Пазней еўрапейскія эпіталамы пісаліся найперш пры дварах манархаў Італіі. Попыт на пахвальную паэзію стаў галоўнай з прычын адраджэння свецкага панегірыка, асаблівасці якога былі акрэслены ў старажытнасці. Упрыгожанне шлюбаў літаратурнымі творамі стала для таго, каго ўсхваляюць, пажаданым, а для аўтара пахвалы карысным. У першай палове XVI ст. пачалі з’яўляцца творы на народных мовах, хаця ў кожнага еўрапейскага народа можна знайсці і новалацінскія эпіталамы таго перыяду. Паэты кіраваліся творамі Феакрыта, Катула, Клаўдзіана.
Лірычныя лацінамоўныя эпіталамы, якія часта мелі рысы твораў Катула альбо Клаўдзіана, пісалі ў XVI ст. Людавіка Арыёста, Якуб Пантанус, Гуга Гроцый. На італьянскай мове лірычныя эпіталамы пісаў Тарквата Таса, на французскай — шматлікія паэты «Плеяды». Як адзначае К. Мрочак, адным з найлепшых твораў ад часоў Клаўдзіана напісаў на лацінскай мове Георг Буханан (1506–1582) на шлюб Марыі, каралевы Шкоціі, і Францішка ІІ (у будучым караля Францыі).
У эпоху Адраджэння, калі творцы Еўропы, усведамляючы выключную каштоўнасць класічных узораў, створаных у старажытнай Грэцыі і Рыме, звярталіся да лепшых набыткаў антычнасці і стваралі неалацінскую паэзію. Гэты жанр таксама знайшоў сваё месца сярод твораў панегірычнай паэзіі. Гэтаму спрыяў паўсюдна пануючы гуманізм, у якім галоўнае месца займаў культ чалавека, а пахвальная індывідуалізаваная літаратура, у тым ліку і эпіталамы, як мага лепш спрыялі стварэнню гэтага культу і тым самым адпавядалі патрабаванням часу.
Пісьменнікі XVI–XVII стагоддзяў мусілі наследаваць антычныя матывы і тэмы, бо да гэтага абавязвала нязменнае для ўсіх літаратурнае правіла imitatio — наследавання старажытным пісьменнікам. Таму новалацінскія паэты, наследуючы матывы антычных аўтараў, не маглі не ўжываць іх выразаў, фразем і стылістычных фігур, яны былі абмежаваныя рамкамі канкрэтнага запасу лацінскіх слоў і фармулёвак, ужо выкарыстаных у рымскай літаратуры. Гэтым строга абмежаваным колам слоў загадвала ім карыстацца тэорыя imitatio [5, 7].
Тэорыя паэзіі Адраджэння складалася з некалькіх пластоў:
1) антычная тэорыя паэзіі і творчая практыка антычных паэтаў;
2) погляды і традыціі сярэднявечча, каментары да твораў антычнасці і сярэднявечча;
3) трактаты гуманістаў (італьянскіх, нямецкіх);
4) паэтычныя падручнікі па напісанню вершаў, якія прапагандавалі вершаваныя памеры Вяргілія, Авідзія, Гарацыя і раілі пісаць эпіталамы па ўзоры Клаўдзіана, Стацыя і Катула.
Гісторыя развіцця гэтага жанру прадстаўлена ў наступнай табліцы.
Перыяд | Аўтары | Асаблівасці |
---|---|---|
Антычнасць |
Гамер, Сапфо, Піндар, Стэсіхор, Эсхіл, Тэлест, Эўрыпід, Анакрэонт, Феакрыт. Арыстафан, Марцыял, Філаксен, Эратасфен, Біон, Калімах, Партеній, Плаўт, Сенека |
Лірычныя песні 1) многія эпіталамы і гіменеі захаваліся не цалкам; 2) змяшчаюць матывы абрадавых песняў; 3) маюць ярка акрэслены лірычны характар; 4) маюць рэфрэн — заклікі да багоў шлюбу; 5) усхваляюць маладых, іх прыгажосць, сілу; напісаныя вершаванымі памерамі грэчаскай старажытнай мелікі (ямбы, сапфічная страфа, гліканей, феракратэй і г.д.). |
Катул, Стацый, Клаўдзіан, Аўзоній |
Эпічныя эпіталамы 1) эпічны характар эпіталам; 2) ярка выражаны панегірычны характар; 3) усхваленні ад імя багоў родаў, паходжання і маладых; 4) сутыкненні боскага свету і чалавечага. |
|
Позняя антычнасць — ранняе сярэднявечча (Візантыйская эпоха) |
Сідоній Апалінарый, Эмілій Дракoнцій, Энодзій, Венанцый Фартунат, Марцыян Капэла |
1) спалучэнне хрысціянскіх і паганскіх элементаў; 2) выкарыстанне розных вершаваных памераў; 3) напісанне твораў у выглядзе філасофскіх трактатаў; 4) узоры — Клаўдзіан, Стацый. |
Сярэднявечча |
Арыген, Аугустын, Тэадор з Арлеану |
1) прадмет усхвалення — Бог і Маці Боская; 2) форма рэлігійных трактатаў; 3) выкарыстанне розных вершаваных памераў; 4) узоры — Катул, Клаўдзіан. |
Адраджэнне |
Людавіка Арыёста, Якуб Пантанус, Гуга Гроцый, Францішак Буханан, Эдмунд Спэнсар |
1) спалучэнне паганскіх і хрысціянскіх элементаў; 2) напісанне твораў на родных мовах паэтаў; 3) некаторыя эпіталамы — трактаты філасофіі; 4) выкарыстанне розных метрычных памераў; 5) наследаванне творам Катула, Клаўдзіана, Стацыя; 6) шматлікасць вершаваных форм: панегірыкі, сялянкі, элегіі, эпічныя і г.д. |
Літаратура
1. Mroczek K. Epitalamium staropolskie. W.: PAN, 1989. — 167 s.
2. Аристофан. Комедии: В 2 т. / Пер.с древнегреч. М.: Искусство, 1983 — 520 с.
3. Paulys real Encyclopädie. Stuttgart, 1914. T. 9 — S. 130–134.
4. Epitalamia antyczne czyli pieśni weselne. W.-P.: PWN, 1999. — 197 s.
5. Bieńkowski T. Antyk w litaraturze i kulturze staropolskiej. W.: PAN, 1976. — 210 s.
Скачать статью (rar)Скачать статью (pdf)
Сведения об авторе (2005 г.): Забродская Ольга Святославовна — преподаватель юридического колледжа Белорусского государственного университета (Минск).
Выходные данные: Филологические штудии = Studia philologica : сб. науч. ст. / под ред. Г. И. Шевченко, К. А. Тананушко ; [редкол.: А. В. Гарник и др.]. — Вып. 6. — Минск, 2005. — С. 25–31.
ISBN 985-485-461-2.