PHILOLOGIA CLASSICA

Сайт кафедры классической филологии БГУ


Научные статьи

В. Ф. Жылевіч

Да праблемы паходжання прытчы: антычная традыцыя

У апошні час прытча пачынае займаць усё больш трывалыя пазіцыі ў творчасці пісьменнікаў розных краін. Безумоўна, яна не магла не выклікаць і цікавасці з боку літаратуразнаўцаў, кожны з якіх імкнуўся па-свойму вызначыць яе структурныя асаблівасці і прынцыпы функцыянавання ў мастацтве. Аднак навукоўцы не закраналі пытанні аб працэсе станаўлення гэтага жанру. Галоўным чынам, прытча разумелася як «праваднік» біблейскага вучэння (С. М. Грыгаран, В. І. Кукуліціс, Я. В. Нікалаева, Г. І. Платошкіна, С. А. Салава). Але, на наш погляд, шукаць яе вытокі мэтазгодна ў больш старажытнай традыцыі — антычнай. Хутчэй за ўсё, гэты жанр існаваў у адным шэрагу з такімі малымі формамі, як прыказка, афарызм, апалог, анекдот і г.д. Як і яны, прытча адносілася да той вобласці мыслення, якая вылучылася з міфалагічнага пачатку і аформілася як логіка.

У працэсе развіцця прымітыўнага мыслення да лагічных высноў, як слушна заўважаў расійскі даследчык А. М. Фрэйдэнберг, існавала пераходнае звяно, якое не супадала ні з так званым мастацкім, ні з паняційным. Літаратуразнаўца сцвярджае, што «...у старажытнай Грэцыі паняцці нараджаліся як форма вобраза, і іх адцягненасць змяшчала ў сябе яшчэ не знятую канкрэтнасць. Атрымоўваючы станаўленне непасрэдна з пачуццёвага вобраза, антычнае паняцце ўяўляла сабой адзін і той жа канкрэтны вобраз, але ў новай сутнасці — у больш адцягненай» [8, 182]. Гэта «метафара ў наратыўнай форме і, як усялякая прытча, — іншасказальная» [8, 132].

Прадуктам пераходу можна лічыць рыторыку. Фігурамі гэтага тыпу мыслення служылі байка, павучальная сентэнцыя, прымаўка і, безумоўна, прытча. Арыстоцель, заўважым, разглядае іх не ў »Паэтыцы», дзе яны павінны знаходзіцца па сучаснай логіцы, а менавіта ў »Рыторыцы». На яго думку, прытча (альбо парабала) — гэта ўмоўны прыклад, параўнанне рэчаў непадобных, у той час як байка — прыклад канкрэтны. А паколькі паміж байкай і прытчай да пэўнага часу не існавала ніякіх выразных меж, дык можна меркаваць, што канкрэтнасць і абстрактнасць прытчы таго ж кшталту, што і антычных вобразаў-паняццяў.

Навукоўца Дж. Г. Кавелці, займаючыся даследаваннем масавай літаратуры, следам за А. М. Фрэйдэнбергам вылучаў у літаратурным працэсе пэўную пераджанравую сітуацыю і вызначаў яе як «літаратурную формулу» — «традыцыйны спосаб апісання», «камбінацыю ці сінтэз, шэраг спецыфічных культурных штампаў і больш універсальныя апавядальныя формы ці архетыпы»1 [4, 34–35].

Архетыпічнасць пераджанравай сітуацыі прытчы ляжыць у вобласці чыстага мыслення і можа быць адзначана задачай «прывесці прыклад» ці «даказаць прыкладам». Гэтую стадыю развіцця жанру пазначым тэрмінам С. Аверынцава — «дарэфлектыўны традыцыяналізм» [1, 87–89].

У Грэцыі самым простым прыкладам адначасова называліся і «прытча» (παραβολή), і іншасказанне, і алегорыя, і біблейскія дыдактычныя афарызмы, і, урэшце, усялякая гульня думкі, увасобленая ў слове. Такім чынам, абагуленае найменне мысліцельнага прыёму ў далейшым паслужыла прычынай жанравай блытаніны. Але, як часта бывае ў мове, калі для абазначэння падобных з’яў суіснуюць на правах сінонімаў некалькі найменняў, дык яны альбо паглынаюць адзін аднаго, альбо імкнуцца да тэрміналагічнай вызначанасці. Так, напрыклад, Б. В. Тамашэўскі лічыць, што «прытча развілася з апалога — сістэмы доказаў агульнага палажэння на прыкладах (анекдоце альбо казцы)» [7, 242]. А. А. Пацябня сцвярджае, што прытчы папярэднічае прымаўка [6, 13]. На думку М. Л. Гаспарава, за байкай у антычнасці замацавалася традыцыя аргументацыі ў размове, і менавіта з яе ў далейшым разаўецца прытча [2, 546]. Ф. П. Буслаеў і Н. К. Гей выводзяць байку з народнага падання [3, 132].

Як вынікае з прыведзеных прыкладаў, навукоўцы дапускаюць розныя крыніцы паходжання малых жанраў, і наўрад ці ёсць сэнс вызначаць, што з’яўляецца першасным. Прынцыпова іншае: усе малыя жанры па сваім паходжанні з’яўляюцца самымі простымі ўмоўнымі прыкладамі ў мове, інакш — адносяцца да першай ступені лагічнага мыслення «ад прыватнага да прыватнага» (і далей «ад прыватнага да агульнага» і наадварот). Яны ўтваралі сінкрэтычнае адзінства вуснага мастацтва і пазалітаратурных сітуацый (бытавых і культавых), у якіх С. Аверынцаў бачыў «зыходны пункт усялякага гісторыка-літаратурнага развіцця» [1, 107].

Да «Рыторыкі» Арыстоцеля падобныя алгарытмы мыслення выкарыстоўваліся Платонам у яго «Дыялогах» (5 ст. да н. э.). Так, у «Фядоне» азначаны агульны прынцып такой логікі: «...пасля таго, як пасаджаная расліна атрымоўвае жыццё, пачынаецца доўгі і цяжкі догляд за парасткам. Здаецца, што нешта падобнае адбываецца і з чалавекам. Я назіраю гэтае на прыкладзе свайго асабістага жыцця і пераношу гэты прыклад на ўсё астатняе» [5, 66]. Гэта параўнанне, аналогія, прыпадабненне невядомага — вядомаму, зразумеламу, у дадзеным выпадку праверанаму асабістым вопытам. У «Вызначэннях» Платон трактуе мысленне як першапачатковае веданне. Яно мае міфалагічны характар, бо іншага проста не назапашана. Вось, напрыклад, яго вызначэнне чалавека: «істота бяскрылая, двухногая, з пляскатымі пазногцямі» [5, 432]. Іншыя вызначэнні ўтрымліваюць парадокс альбо валодаюць неабмежаванай інтэнцыяй разумення: «Элемент — тое, што аб’ядноўвае і раз’ядноўвае ўсё складанае»; «Старасць — спад адушаўлёнасці, які адбываецца з цягам часу» [5, 435]. Усе гэтыя элементы: параўнанне, аналогія, прыпадабненне невядомага — зразумеламу, мы разглядаем як арганічныя прытчавыя кампаненты. У дыялогу «Дзяржава» знаходзім і зусім блізкую сучаснай прытчы двухпланавую структуру: чалавечае існаванне параўноўваецца са знаходжаннем у пячоры. Закаваны, павернуты спінай да ўваходу чалавек прымае за адзіную рэальнасць толькі цені рэчаў. Калі яго вывесці ў свет сапраўдных рэчаў, ён доўга будзе лічыць свой свет ценяў сапраўдным, а сапраўдны — нерэальным. На паверхні два планы: тое, што неабходна асэнсаваць, і тое, з дапамогай чаго адбываецца асэнсаванне. У наяўнасці парадаксальная сітуацыя і сімвалы. Існуе і выснова, якая імкнецца да сферы высокага: да ісціны прывыкаюць паступова, крок за крокам, і, калі чалавек вернецца ў пячору, каб пазбавіць ад хімеры іншых людзей, яны не павераць яму і, магчыма, заб’юць. Значнае і тое, што дадзены прыклад Платона застаўся ў сусветнай філасофіі як устойлівы «вобраз пячоры», падобны да прытчавых вобразаў блуднага сына ці зніклай авечкі, і выкарыстоўваецца ў якасці самастойнага аргумента ў адвольнай сітуацыі як метафара агульнай думкі.

Такім чынам, прытча па сваёй прыродзе — адзін з прыёмаў абуджанай рацыянальнасці, якая патрабуе, па-першае, матывіроўкі, тлумачэння назіраемай з’явы пры дапамозе супастаўлення з ужо вядомым (вопыт) ці бясспрэчным, што мае міфалагічнае тлумачэнне (вера); па-другое, надання асэнсаванасці, мэтазгоднасці з’яве пры дапамозе далучэння да іерархічнага светапарадку (адсюль «цэнтраванасць» прытчавых структур). Сферы выкарыстання прытчы не абмяжоўваліся «задачамі мовы», а ўяўлялі сабой «задачы пазнання Ісціны»2.

Як усялякая з’ява пераходнага характару, прытча непазбежна павінна была аб’яднаць у сабе прыкметы субстрату і тых з’яў, якія яна імкнулася спазнаць. Магчыма, што «першасны спосаб сэнсаўтварэння» нясе ў сабе сінкрэтычную нагружанасць міфалагічным і рацыянальным, этычным і эстэтычным адначасова. Таму ў функцыянальным плане вызначым прытчу перш за ўсё як спосаб разважаць пра свет. Прытча з’явілася своеасаблівай формай даследавання шматлікіх тэарэм жыцця, універсальным спосабам мыслення пра любы прадмет ці з’яву, ужо разгледжаным міфалогіяй Космасу.

Дзякуючы агульнаму метаду пазнання, «навукі» злучаліся адна з адной і напаўнялі прытчу ўласным зместам: філасофія, рыторыка, рэлігія і літаратура — гэта значыць, у роўнай ступені навукі і міф. Несвядомае, мастацкае ўвойдзе ў літаратурную прытчу комплексам міфалагічных элементаў; свядомае, рэфлектыўнае дасць значную колькасць мадыфікацый жанру — ад прамога цытавання старажытных прытчаў да арыгінальнай аўтарскай і да так званай з’явы прытчавасці.

Літаратура

1. Аверинцев С. С. Историческая подвижность категории жанра: опыт периодизации // Риторика и истоки европейской литературной традиции. М., 1996.

2. Гаспаров М. Л. Басни Эзопа // Избранные труды: В 3 т. М., 1997. Т. 1.

3. Гей Н. К. Художественный образ как категория поэтики // Контекст. 1982. №3. — С. 71.

4. Кавелти Д. Г. Изучение литературных формул // Новое литературное обозрение. 1996. №22.

5. Платон. Диалоги // Философское наследие. М., 1986. Т. 2.

6. Потебня А. А. Из лекций по теории словесности // Эстетика и поэтика. М., 1976.

7. Томашевский Б. В. Теория литературы. Поэтика. М., 1991.

8. Фрейденберг О. М. Поэтика сюжета и жанра. М., 1997.


 

Напрыклад, «апавядальныя формулы» навел Э. По пазней усвядомяцца як дэтэктыўны жанр.Назад

У дыялогу «Горгій» Платон фармулюе рыторыку як маральны выбар, спосаб жыцця, лёс. Ён жа выводзіць форму дыялогу як асноўную для выказвання і разважання.Назад

Скачать статью (rar)Скачать статью (pdf)


Сведения об авторе (2005 г.): Жилевич Ольга Федоровна — аспирант кафедры зарубежной литературы Белорусского государственного университета (Минск).

Выходные данные: Филологические штудии = Studia philologica : сб. науч. ст. / под ред. Г. И. Шевченко, К. А. Тананушко ; [редкол.: А. В. Гарник и  др.]. — Вып. 6. — Минск, 2005. — С. 21–24.

ISBN 985-485-461-2.