І. А. Шкурдзюк
Ідэйна-мастацкія асаблівасці паэмы Мікалая Гусоўскага «Nova et miranda victoria de Turcis mense Iulio»
Pacem quam bellum probare.
Tacitus
Cedant arma togae, concedat laurea laudi.
Cicero
Лацінская літаратура Беларусі прайшла доўгі і складаны шлях развіцця — ад позняга Сярэднявечча (другая палова XV ст.) да канца эпохі Асветніцтва (першая палова XIX ст.). Лацінамоўная паэзія Беларусі, якая аб’яднала ў сабе багатыя традыцыі антычнай і хрысціянскай літаратур, народнай паэтычнай творчасці, знаходзячыся ва ўзаемасувязі і ўзаемадзеянні з літаратурным працэсам у краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, адначасова з’яўлялася неад’емным фактарам культурнага развіцця беларускага народа. Як больш сталая і распрацаваная, чым маладая нацыянальная літаратура, валодаючы ўласцівасцю хутка пераадольваць этнічныя межы, яна першай успрыняла навейшыя ідэалагічныя і эстэтычныя ідэі эпохі, тонка рэагавала на змяненні грамадскага ўсведамлення ў Еўропе. Маючы такое «авангарднае» палажэнне, лацінамоўная літаратура задавала тон развіццю не толькі нацыянальнай беларускай, але і полілінгвальных літаратур Беларусі. Не звязаная з карэнным этнасам у моўных адносінах, творчасць пісьменнікаў-лаціністаў Беларусі тым не менш з усёй выяўнасцю паказала сваю нацыянальную прыналежнасць у самім змесце. У ім знайшлі адлюстраванне самыя разнастайныя падзеі палітычнага і культурнага жыцця краіны, духоўныя пошукі беларускага народу, асаблівасці нацыянальнага менталітэту, рэаліі паўсядзённага жыцця розных слаёў грамадства.
Паэтычная спадчына Мікалая Гусоўскага (прыкладна 1477–1533 гг.) належыць да самых выдатных старонак новалацінскай паэзіі Беларусі пачатку XVI ст. У апошнія дзесяцігоддзі пераклады яго славутых твораў на беларускую і рускую мовы і іх даследаванне — характэрная з’ява ў айчынным літаратуразнаўстве. Творчасць М. Гусоўскага ў Беларусі ў апошні час атрымала пэўнае адлюстраванне і ў айчынных манаграфіях (У. Дарашкевіч, Я. Парэцкі), і ў персанальных публікацыях беларускіх літаратуразнаўцаў, гісторыкаў, філосафаў і паэтаў. Сярод прац, спецыяльна прысвечаных творчасці М. Гусоўскага, можна назваць толькі манаграфію Я. Парэцкага «Николай Гусовский» (Мн., 1984) і раздзел, прысвечаны творчасці паэта, у кнізе У. Дарашкевіча «Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы» (Мн., 1979).
Аднак сярод ужо добра вядомых твораў М. Гусоўскага — ліра-эпічнай паэмы «Carmen de statura, feritate ac venatione bisontis» («Песня пра зубра»), рэлігійна-дыдактычнай паэмы «De vita et gestis Divi Hyacinthi»(«Аб жыцці і подзвігах Святога Гіяцынта») і лірычных вершаў мы знаходзім у польскім выданні I. Пельчара (Hussoviani Nicolai Carmina… Edidit I. Pelczar. Cracovia, 1894) і яшчэ адзіны твор паэта, але не так шырока вядомы, тым больш падрабязна не аналізаваны з пункта гледжання яго ідэйна-мастацкіх асаблівасцяў — гэта эпічная паэма «Nova et miranda victoria de Turcis mense Iulio» («Новая і славутая перамога над туркамі ў месяцы ліпені»).
Крытэрыем адбору для характарыстыкі ідэйна-мастацкіх асаблівасцяў гэтай паэмы для нас з’явілася адсутнасць у азначаных вышэй манаграфіях, прысвечаных творчасці М. Гусоўскага, падрабязнага аналізу гэтай паэмы, таксама як і ў даследаваннях апошняга часу па старажытнай беларускай літаратуры (напрыклад: Лойка, А. Старабеларуская літаратура / А. Лойка. Мінск, 2001).
Таму мы ў дадзеным артыкуле паспрабуем азначыць некаторыя, найбольш важныя на наш погляд, яе рысы.
Паэма «Nova et miranda victoria de Turcis mense Iulio» была надрукавана ў 1524 г., праз год пасля выдання «Песні пра зубра» ў Кракаве ў выдавецтве І. Віетора. Па дадзеных даследчыкаў, у наш час гэтае выданне існуе толькі ў адзіным экзэмпляры.
Спачатку М. Гусоўскі азначае тэму свайго твора: «De Victoria Serenissimi Principis et D. Domini Sigismundi Dei gratia Regis Poloniae Magni Ducis Lithuaniae, Russiae Prussiaeque etc. Domini et Heredis adversus Turcos». Паэт падкрэслівае, пры якіх умовах ён напісаў свой твор: знішчэнне ворага апісана адразу ж пасля набытай перамогі. Сам М. Гусоўскі не браў удзелу ў бітве, ён абапіраўся на тое, што гаварыў пра гэтую перамогу сам народ-пераможца.
Як прызнаецца сам паэт, гэта невялікая паэма — 174 радкі элегічнага двухрадкоўя — была ім напісана ўсяго за адзін дзень:
Adversum voto tam breve tempus erat. (163–166) |
|
Вядома, што гэты твор быў напісаны ўжо вельмі хворым паэтам:
Si licet et saevi patitur violentia morbi, (1–4) |
|
Аднак, нягледзячы на цяжкую хваробу, гэта паэма і зараз здзіўляе сілай увасаблення гераічнай тэмы, вялікім патрыятызмам. Твор прасякнуты страснай публіцыстычнасцю. М. Гусоўскага, уражанага гэтай перамогай над туркамі каля Трэмбоўля 2 ліпеня 1524 г., напаўняе радасць і гонар, што яна была здабыта простым народам. Паэма М. Гусоўскага — гэта яго грамадзянскі подзвіг, пратэст супраць супакоенасці гаспод перад ворагам, які можа кожны момант зноў пайсці вайною на родную паэту зямлю:
Sera, vident, res est, si proclametur ad arma (25–26) |
|
Паэт не называе ні імёнаў герояў бітвы, ні іх палкаводцаў, бо для яго галоўны герой і стваральнік гэтай славутай перамогі — сам народ.
Значная частка паэмы прысвечана апісанням тых жахаў, што прынесла гэтая бітва. Мы бачым, якім асабістым пачуццём напоўнена сэрца самога паэта ад смерці людзей, іх блізкіх і родных. М. Гусоўскі суперажывае, што ў гэты страшэнны час у сэрцы народа пахіснулася і вера ў самога Бога. Паэт супрацьпастаўляе веру і адчай людзей, рэалістычна апісвае ўсе жахі і шукае філасофскія карані рэлігійных вераванняў народу [1, 102]:
Hic caecis plorat pueris,hic coniuge rapta (87–95) |
|
Палкаводзец звяртаецца да народу з заклікам перайсці ў наступленне, і калі загучалі барабаны — народ кінуўся ў бой. Тут мы бачым цудоўнае разгорнутае параўнанне паэта, які супастаўляе бітву з ненавісным ворагам барацьбе львоў і ваўкоў за набытую ахвяру:
Haud aliter capreas saevi insiluere leones, (135–138) |
З хрысціянска-гуманістычных пазіцый М. Гусоўскі гаворыць, што за набытую перамогу трэба перш за ўсё дзякаваць Бога:
Debetur summo grata magna Deo. (150) |
Напрыканцы сваёй невялікай паэмы паэт скардзіцца чытачу яшчэ раз, як і на пачатку, што невялікі час і цяжкая хвароба на дазваляюць яму апісаць з усёй моцай гэтую велічную перамогу народа над туркамі (171–174).
Беларускі даследчык У. Дарашкевіч адзначаў і тое, што лепшыя месцы гэтага твора па-свойму, арыгінальна працягваюць ідэйна-эстэтычную лінію «Песні пра зубра» [2, 143].
Нягледзячы на кароткае жыццё, усімі сваімі творамі М. Гусоўскі жадаў, каб сэрцы яго чытачоў напаўняліся веліччу за гістарычнае мінулае свайго народа, за яго духоўную і фізічную сілу і моц.
Такім чынам, асабіста-паэтычнае светаўспрыманне паэта — ягоны пратэст супраць любой барацьбы паміж народамі, заклік да міру — гэта значыць, ізноў, як і ў іншай паэме М. Гусоўскага «De vita et gestis Divi Hyacinthi» — праслаўленне хрысціянска-гуманістычных каштоўнасцяў, робяць твор, як і, напрыклад, славутая «Песня пра зубра» ці гераічны эпас суайчынніка паэта Яна Вісліцкага «Пруская вайна», пачаткам гераічна-эпічнай паэзіі, якая знойдзе сваё далейшае развіццё на землях Вялікага княства Літоўскага ў канцы XVI ст. [3].
Далейшы, больш падрабязны мастацка-эстэтычны аналіз паэмы Мікалая Гусоўскага «Nova et miranda victoria de Turcis mense Iulio», разгляд яе вобразаў і мастацкіх асаблівасцяў у параўнанні з паэмай «Песня пра зубра», пошук антычных рэмінісцэнцый, пачынаючы з «Іліяды» Гамера, «Энеіды» Вергілія і да паэмы Стацыя «Фіваіда», а галоўнае — пераклад твора і каментарыяў да яго на сучасную беларускую мову як сродак зрабіць паэму нашага славутага новалацінскага паэта, песняра роднай зямлі шырока вядомай для сучаснага чытача — вось галоўныя задачы, якія ставіць аўтар гэтага артыкула.
Літаратура
1. Порецкий, Я. И. «На жертвоприношение черного быка», «Песня к Божественному Себастьяну» и «Победа над турками» Н. Гусовского / Я. И. Порецкий // Вопросы филологии. Выпуск 3. 1973 г. — С. 202–206.
2. Дорошкевич, В. И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы. Первая половина XVI в. / В. И. Дорошкевич. — Минск, 1979.
3. Кавалёў, С. В. Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI стагоддзя / С. В. Кавалёў. — Мінск, 1993.
1 Тут і далей пераклад Я. Парэцкага [1].Назад
Скачать статью (rar)Скачать статью (pdf)
Сведения об авторе (2009 г.): Шкурдюк Ирина Анатольевна — старший преподаватель кафедры классической филологии Белорусского государственного университета (Минск).
Выходные данные: Филологические штудии = Studia philologica : сб. науч. ст. / под ред. Г. И. Шевченко, К. А. Тананушко ; редкол.: А. В. Гарник [и др.]. — Вып. 7. — Минск, 2009. — С. 146–150.
ISBN 978-985-518-201-7.