Ж. В. Некрашэвіч-Кароткая
Адукацыйныя прыярытэты старажытнай Беларусі і іх уплыў на развіццё мастацтва версіфікацыі
У даследаваннях, прысвечаных гісторыі педагагічна-асветніцкай думкі на Беларусі, рэдка звяртаецца ўвага на шчыльную сувязь школьнай адукацыі з версіфікацыйнай практыкай у айчынным культурным дыскурсе, пачынаючы з XVI ст. — часоў «першага нацыянальнага адраджэння» (У. Конан). Між тым школьнае або прыватнае навучанне найперш мела на ўвазе філалагічныя заняткі. Дзеці беларускіх магнатаў і шляхты ў межах сваіх вучэбных заняткаў (а некаторыя і пазней) мелі магчымасць (або мусілі) рабіцца літаратарамі: без урокаў паэтыкі не абыходзіўся ніводны вучань тых часоў. Маладыя Радзівілы, Сапегі, Кішкі, Завішы, Кміты, Тышкевічы вучыліся ў прыватных настаўнікаў або ў Віленскай езуіцкай акадэміі і непазбежна спрычыняліся да майстэрства версіфікацыі, у першую чаргу — на лацінскай мове.
Як арыентаваная на інтэрпрэтацыю кананічных тэкстаў, так і традыцыйная (эпічная, панегірычная, элегічная і г. д.) лацінамоўная паэзія была жаданай госцяй пры дварах магнатаў і шляхты Вялікага Княства Літоўскага. Найперш гэта было звязана з пашырэннем у арыстакратычных колах нашай дзяржавы легенды пра Палямона. Дзякуючы ёй Алелькавічы, Радзівілы, Хадкевічы лічылі латынь мовай сваіх продкаў. Такая ўстаноўка паўплывала і на адукацыйныя прыярытэты: дзеці беларускіх арыстакратаў грунтоўна вывучалі латынь. А працэс навучання мове з тых прычын, якія мы ўказалі вышэй, ажыццяўляўся найперш у межах паэтычных штудый.
Адметнай з’явай у гісторыі філалагічнай культуры Вялікага Княства Літоўскага і ўсёй Еўропы была творчасць нямецкага паэта Іагана Мюліуса з Лібенродэ, які з 1562 па 1564 г. займаўся выхаваннем сыноў графа Грыгорыя Аляксандравіча Хадкевіча ў яго радавым маёнтку Заблудава (цяпер — у Беластоцкай вобласці Польшчы). Самы вялікі збор яго твораў «Poēmata» («Паэтычныя творы», 1568) завяршаецца двума раздзеламі: «D. Andreae Chodcievitii equitis Lithuani ΜΕΛΕΤΑΙ» («Практыкаванні пана Андрэя Хадкевіча, літоўскага арыстакрата») і «D. Alexandri Chodcievitii equitis Lithuani ΜΕΛΕΤΑΙ» («Практыкаванні пана Аляксандра Хадкевіча, літоўскага арыстакрата») [3, л. 306 адв. — 322]. Перад намі ні што іншае, як плён паэтычных практыкаванняў на лацінскай мове братоў Хадкевічаў: пераважна кароткія двухрадкоўі, напісаныя элегічным двувершам, на розныя тэмы. Магчыма, у гэтым раздзеле Іаган Мюліус сабраў лепшыя вынікі хатніх заданняў, выкананых яго яснавяльможнымі вучнямі. Вось некаторыя ўзоры гэтых сачыненняў у нашым перакладзе.
З «Практыкаванняў пана Андрэя Хадкевіча»:
Так, я сагнуўся дугой, але ведаю многа, бо, зрэшты, Розуму доўгі мой век многа дазволіў спазнаць. Чалавек чалавеку Бог Той, хто спрыяе другім, — гэта Бог на зямлі, несумненна, Хто ж не спрыяе другім, — воўк на зямлі, гэта факт! |
З «Практыкаванняў пана Аляксандра Хадкевіча»:
Людзі нягодныя кажуць у адрас твой брыдкія словы? Значыць, парадуйся: ты правільна робіш усё! Не ўсім трэба падабацца Хто падабаецца люду, для мудрых бывае агідны. Ну дык навошта ліхім быць даспадобы, скажы? |
З’яўленне ў нашай дзяржаве першай вышэйшай навучальнай установы мела вялізнае значэнне для развіцця гуманітарнай адукацыі. Прывілеем караля Стэфана Баторыя і булай Папы Грыгорыя ХІІІ у 1579 г. першапачаткова створаная езуіцкая калегія была пераўтворана ў акадэмію. З таго часу айчынныя арыстакраты — Радзівілы, Сапегі, Валовічы, Тышкевічы, Гедройцы — абавязкова праходзілі тут курс навучання. Пры гэтым у вучэбнай праграме акадэміі прыярытэтнае месца займалі дысцыпліны трывіума з ліку artes liberales: граматыка, рыторыка і логіка.
Няцяжка зразумець, чаму настаўнікі-езуіты надавалі найбольшую ўвагу менавіта гэтым дысцыплінам. Віленская акадэмія была элітнай навучальнай установай, прызначанай для падрыхтоўкі будучых дзяржаўных дзеячаў. Адпаведная сацыяльная роля неабходна звязана была з уменнем прыгожа, пераканаўча, аргументавана, мудра прамаўляць і выкладаць свае думкі на паперы. Таму ўсе навучэнцы акадэміі рэгулярна выконвалі практыкаванні па рыторыцы і паэтыцы. Практыкаванні ж па паэтыцы былі ні чым іншым, як вершамі. Адмысловай практыкай, непасрэдна звязанай з вучэбным працэсам, было апублікаванне лепшых сачыненняў як вучняў, так і іх настаўнікаў.
Ужо ў 1579-м, у годзе «нараджэння» акадэміі, выйшаў з друку зборнік панегірычных вершаў «Gratulationes serenissimo ac potentissimo principi, Stephano I» («Падзякі найяснейшаму і наймагутнейшаму валадару Стэфану І»). Пачынаючы з гэтага часу, паэтычныя зборнікі навучэнцаў акадэміі выходзяць адзін за адным. Мэтай усіх гэтых выданняў было або «ўславіць», «прывітаць» або «аплакаць». У адпаведнасці з гэтай тэматычнай і функцыянальнай дамінантай усе зборнікі, якія выходзілі ад імя навучэнцаў акадэміі, можна падзяліць на дзве вялікія групы:
• выданні панегірычнага зместу;
• выданні элегічна-фунеральнага зместу.
У колькасных адносінах панегірычныя выданні значна пераважалі ў параўнанні з элегічнымі. У першую чаргу зборнікі панегірычных вершаў ствараліся ў гонар «патронаў» — каралёў і віленскіх біскупаў. З’яўленне новага манарха на троне віленскія шкаляры адзначылі зборнікам «Serenissimo ac potentissimo Principi Sigismundo III» («Найяснейшаму і наймагутнейшаму валадару Жыгімонту ІІІ», 1589). Побач з вершамі на латыні ў гэтай кнізе змешчаны творы на фінскай і шведскай мовах. Трэба думаць, гэта быў асаблівы «сюрпрыз» прадстаўніку шведскай дынастыі Вазаў. Аднак на гэтых дзвюх мовах студэнты не спыніліся, дэманструючы перад каралём сваю моўную кампетэнцыю. У канцы названага выдання змешчаны (з падзагалоўкам «Linguae variae» («Розныя мовы»)) вершы на італьянскай, іспанскай, французскай, нямецкай, англійскай, польскай і нават літоўскай мовах. Менавіта апошні верш літоўскі вучоны М. Рочка кваліфікаваў як «першыя літоўскія гекзаметры» [6].
Не пакідалі без увагі віленскія студэнты і сваіх непасрэдных апекуноў — віленскіх біскупаў. Так, у 1600 г. выйшаў зборнік «Gratulatio illustrissimo ac reverendissimo Domino D. Benedicto Woynae episcopo Vilnensi» («Прывітанне найсвятлейшаму і найшаноўнейшаму Пану Бенядзікту Войну, Віленскаму біскупу»). У гэтай кнізе апублікаваны вершы Станіслава Войны, Георгія Багушэвіча, братоў Яна, Аляксандра і Хрыстафора Сапегаў, чые прозвішчы лёгка ідэнтыфікуюцца як беларускія. Уласна паэтычная частка гэтага выдання — зборнік вершаў навучэнцаў акадэміі — мае падзагаловак «Sodalium in officio donarium», што можна перакласці як «Дарунак таварышаў па службе». Трэба думаць, менавіта «таварышамі», супольнікамі ў адносінах да біскупа Войны (?–1615) адчувалі сябе студэнты акадэміі.
Падчас навучання маладыя магнаты імкнуліся праявіць сваю выключнасць у мастацтве версіфікацыі. Усе вершаваныя творы, што з’яўляліся зпад пяра віленскіх навучэнцаў, — тыповыя паэтычныя прадукты эпохі Барока, і ў першую чаргу гэта датычыць іх фармальных характарыстык. Творца эпохі Барока імкнуўся прадэманстраваць не толькі сваю паэтычную тэхніку, але перадусім вучонасць: «барочны пастулат — artifex doctus (вучоны мастак)» [1, с. 26]. Пачынаючы з канца XVI ст. асаблівую папулярнасць набываюць разнастайныя формы так званай «кур’ёзнай і фігурнай паэзіі» (тэрмін В. Маслюка). Так, зборнік у гонар арцыбіскупа Войны адкрываецца вершам пад назваю «Prosphonema» (ст.-грэч. ‘прывітальная прамова’) з падзагалоўкам «Acrostichon» («Акраверш»). У гэтым і іншых зборніках прадстаўлены такія паэтычныя формы, як анаграма, onomastichon (верш, у які тым ці іншым спосабам уплятаецца імя адрасата прывітання), эмблема. Вершы будаваліся ў форме дыялогу, часам ускладненага рэхам.
Сярод аўтараў паэтычных зборнікаў віленскіх шкаляроў часта фігуруюць «яснавяльможныя» навучэнцы Акадэміі. Так, у гонар Бенядзікта Войны ў 1600 г. выйшла з друку кніга «In auspicatum illustrissimi ac reverendissimi Domini D. Benedicti Woynae… ad suam Sedem ingressum gratulatio» («Прывітанне на ўрачыстае ўступленне ў свой сан… Бенядзікта Войны»). На тытульным аркушы ў якасці аўтараў пазначаны Станіслаў і Ян Кішкі. Праўда, некаторыя даследчыкі скептычна выказваюцца адносна практычнай магчымасці таго, каб самі навучэнцы маглі ўкладаць такія выданні [4, с. 166–167]. За іх, маўляў, пісалі настаўнікі, выкладчыкі рыторыкі і паэтыкі, а потым прыпісвалі сваім яснавяльможным вучням гэтыя творы. І ўсё ж, думаем, як і ў любой іншай сітуацыі, тут трэба пазбягаць шырокіх абагульненняў. Што да Станіслава і Яна Кішкаў, то, мяркуючы па храналогіі, гэта сыны таго самага Яна Кішкі, які актыўна спрыяў развіццю кніжнай справы на Беларусі: ён заснаваў друкарню ў Лоску, пісаў рэлігійныя трактаты, а лацінскую эпіграму на яго герб змясціў у сваім перакладзе «Новага Запавету» Сымон Будны. Няма сумнення, што сваіх дзяцей з малых гадоў Ян Кішка выхоўваў у вялікай павазе да вытанчанага слова. Да таго ж, вышэй згаданы зборнік складаецца з дастаткова простых кароткіх тэкстаў, з напісаннем якіх цалкам маглі справіцца два таленавітыя юнакі.
Частка панегірычных выданняў віленскіх навучэнцаў — гэта зборнікі, у якіх услаўляецца якая-небудзь вядомая асоба або якая-небудзь адметная падзея. Адзін з першых узораў такога выдання — зборнік 1587 г. «Gratulationes in promotione doctissimi, simul et virtute ornatissimi D. Valentini Dąbkovii ad magisterii philosophici gradum…» («Віншаванні з нагоды атрымання высокаадукаваным і адначасова аздобленым цнотамі панам Валянцінам Дамбкоўскім ступені магістра філасофіі…»). Панегірычным выданнем уславілі віленскія шкаляры ўрачыстае перанясенне мошчаў Святога Казіміра ў 1637 г.
На працягу XVII ст. калегіі Ордэна езуітаў адкрываліся ў новых і новых гарадах ВКЛ, у тым ліку і на Беларусі. Творчасць віленскіх студэнтаў была добрым прыкладам для навучэнцаў іншых устаноў.
У 1621 г. неверагодную папулярнасць набыў вялікі гетман, граф у Быхаве, Шклове і на Мышы Ян Караль Хадкевіч, калі ён гераічна скончыў сваё жыццё на полі пераможнай Хацімскай бітвы. У захапленні ад мужнасці і духоўнай сілы вялікага гетмана цыкл одаў прысвячае яму «сармацкі Гарацый» Мацей Казімір Сарбеўскі. А неўзабаве (як мяркуюць бібліёграфы, у 1622 г.) выйшла з друку кніга пад назвай «Laurus immortalitatis ad Illustrissimi D. D. Ioannis Caroli Chodkiewicz… cenotaphium positum ab… Ioanne Stanislao Sapieha… in Ecclesia Nesvisine <si> Societatis Jesu» («Лаўровы вянок на жалобную грабніцу <ў гонар> Яснавяльможнага Пана Яна Караля Хадкевіча, устаноўленую… Янам Станіславам Сапегам… у Нясвіжскім Касцёле супольнасці езуітаў»). Магчыма, пад грабніцай (cenotaphium) тут маецца на ўвазе рытуальнае жалобнае збудаванне castrum doloris; яно ўзводзілася ў гонар тых арыстакратаў, якія мелі тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі. Год і месца гэтага выдання не пазначаны, аднак наконт аўтарства прысутнічае такая заўвага: «задуманы студэнцкай моладдзю Нясвіжскай калегіі і апісаны Рафаэлем Скарульскім» [2, № 1092]. Апошні (Скарульскі) фактычна выступіў у якасці пратакаліста гэтай урачыста-жалобнай цырымоніі.
З друкарні Віленскай акадэміі выходзілі таксама эпіталамійныя выданні, прысвечаныя ўслаўленню шлюбных урачыстасцяў прадстаўнікоў вядомых магнацкіх родаў. Так, у 1620 г. пабачыла свет выданне «Hymenodora honore et gloria internunciis almae Academiae Vilnensis nomine» («Дары Гіменея з ушанаваннем і славаю, ад імя пасланцоў карміцелькі Віленскай акадэміі») у гонар шлюбу Яна Станіслава Сапегі і Ганны Хадкевічаўны; у 1715 г. — кніга «Roma in flore» («Рым у квецені») на шлюб Хрыстафора Канстанціна Паца і Барбары Агінскай. Значная колькасць такіх выданняў да сённяшняга дня захоўваецца ў бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта.
Другая вялікая група выданняў віленскіх навучэнцаў — творы «на смерць» або «на пагрэб». Гэта маглі быць урачыста-афіцыйныя «Threnodiae in obitum illustris. Sac. Ro. Imp. Principis, et Domini D. Alberti Radziwil ducis in Olyka et Nieswiz… a praecipua iuuentute Parthenicae Sodalitatis, in Academia Vilnen. Societatis Iesu, conscriptae…» («Трэнодыі на смерць Яснавяльможнага князя Свяшчэннай Рымскай імперыі пана Альберта Радзівіла, князя ў Алыцы і Нясвіжы… ад найлепшай моладзі цнатлівай садружнасці, у Віленскай акадэміі супольнасці езуітаў», 1593). Але маглі быць і выданні кшталту таго, што пабачыла свет у 1594 г. Кніга называлася «Parthenicae sodalitatis in Academia Vilnensi Societatis Iesu, Threni in exequiis nobilissimi clarissimique adolescentis Lazari Philonis Kmitae Czarnobylski… ejusdemque Academiae alumni» («Ад цнатлівай садружнасці ў Віленскай езуіцкай акадэміі трэны на смерць высакароднейшага і найяснейшага юнака Лазара, <сына> Філона Кміты Чарнабыльскага… выхаванца той жа акадэміі»). З гэтага сухога тытулярнага запісу чытач даведваецца, што вялікаму герою беларускага народа, Філону Кміту, які руйнаваў варожыя кагорты пад Полацкам і Чашнікамі, давялося перажыць найжахлівейшую для кожнага бацькі страту — смерць сына. Але ж сябрам па вучобе Лазара Кміты таксама прыйшлося прычыніцца да гэтай трагедыі. Ці не для таго, каб знайсці своеасаблівы псіхалагічны буфер, настаўнікі прапанавалі юнакам, якія не знаходзілі сабе месца ў тузе і ў роспачы, выказаць сваю скруху, свае адносіны да памерлага сябра ў вершах? І ў гэтым таксама праяўлялася жыццядайная сіла паэзіі.
Заняткі па паэтыцы ў езуіцкіх, дамініканскіх, піярскіх школах не абмяжоўваліся складаннем вершаў на лацінскай мове. На нашу думку, некаторыя паэтычныя помнікі даўніх часоў на беларускай мове паўсталі менавіта як версіфікацыйныя практыкаванні навучэнцаў. Да іх ліку варта аднесці беларускамоўны верш Яна Казіміра Пашкевіча «Полска квитнет лациною, Литва квитнет русчизною…», адзіны спіс якога захаваўся ў першай рукапіснай рэдакцыі Статута ВКЛ 1588 г. Іншы прыклад — «Віншаванне» Яахіма Храптовіча, верш XVIII ст., напісаны з нагоды ўезду бабулі і дзядулі аўтара ў новую хату. Гэты твор — тыповае прывітанне кшталту «прасфонімаў», пашыраных у паэзіі XVII ст. Складальнікамі падобных сачыненняў звычайна былі шкаляры. Тыпалагічна блізкімі да такіх практыкаванняў былі і беларускамоўныя вершы Яна Чачота перыяду вучобы ў Віленскім універсітэце, якія ён пісаў, аднак, не па заданні суровага настаўніка, а дзеля ўпрыгажэння філамацкіх урачыстасцяў:
Быў Агамемнан не першым магутным асілкам; даўнейшых Проста не ведаем мы: лёс ім не даў песняра. Czuli my heto, szto jeść waszeć Ukrainiec I kontent, szto uradziusia u żyznoj krainie, Jak abaczyu, szto u nas niewielki dziedziniec, Skazau: Jak brzydko mieszkajuć Lićwinie! [5, с. 76–77] |
Беларуская мова ў часы Яна Чачота была яшчэ неўнармаванай, а таму свежай, арыгінальнай і жывой у параўнанні з добра распрацаванымі лацінскай і польскай. Яна давала незвычайны прастор для творчасці тым аўтарам, якія штудзіравалі паэтыку з апорай на іншамоўныя ўзоры. Так адукацыйная парадыгма, якая ўсталявалася на Беларусі і зусім не была арыентавана на беларускую мову (хаця і не выключала яе з дыяпазону моўнай кампетэнцыі навучэнцаў), прывяла многіх паэтаў ХІХ ст. — Яна Чачота, Яна Баршчэўскага, Уладзіслава Сыракомлю, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — да беларускамоўнай творчасці. Былі, канешне, і іншыя — сацыяльныя, асветніцка-дыдактычныя, агітацыйныя, ідэалагічныя, у рэшце рэшт, патрыятычныя — фактары, якія ўплывалі на выбар майстрамі вытанчанага слова мовы літаратурнай творчасці. Але ў любым выпадку багацце і разнастайнасць кантэксту філалагічных заняткаў, якія складалі падмурак школьнай адукацыі на нашых землях, такому выбару не пярэчылі.
Літаратура
1. Hernas, Cz. Barok / Cz. Hernas ; Instytut Badań Literackich Polskiej Akademii Nauk. — Warszawa : Wydaw. naukowe PWN, 2002. — 741, [1] s., [16] s. : il., mapa.
2. Index librorum Latinorum Lituaniae saeculi septimi decimi / concinnaverunt Daiva Narbutiene et Sigitas Narbutas. — Vilnius : Lietuvių literatūros ir tautosakos institutas, 1998. — 345 p.
3. Mylius, I. Poemata Ioannis Mylii Libenrodensis, poetae Laureati, ex dioecesi generosum Comitum de Hoenstein. <…> / I. Mylius. — [S. l.] : Cum Gratia et Privilegio Caesareo, 1568. — [327] f.
4. Narbutas, S. «Karolomachijos» akiračiai / S. Narbutas // L. Boierus. Carolomachia = L. Bojeris. Karolomachija / L. Boierus ; iš lotynų kalbos vertė B. Kazlauskas. — Vilnius, 1992. — P. 164–178.
5. Poezya filomatów : w 2 t. / wyd. Jan Czubek. — T. 2 : Archivum filomatów. — Cz. 3. — Kraków : Nakładem Polskiej Akademii Umiejętności, 1922. — 416 s.
6. Ročka, M. Pirmasis lietuviškas hegzametras / M. Ročka // Rinktiniai raštai / M. Ročka. — Vilnius, 2002. — P. 225–240.
Скачать статью (rar)Скачать статью (pdf)
Сведения об авторе (сентябрь 2015 г.): Некрашэвіч-Кароткая Жанна Вацлаваўна — доктар філалагічных навук, прафесар кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (Мінск).
Выходные данные: Філалагічныя штудыі = Studia philologica : зб. навук. арт. / пад рэд. Г. І. Шаўчэнка, К. А. Тананушкі ; рэдкал.: А. В. Гарнік [і інш.]. — Вып. 8. — Мінск, 2015. — C. 53–59.
ISBN 978-985-500-897-3.