PHILOLOGIA CLASSICA

Сайт кафедры классической филологии БГУ


Научные статьи

Я. У. Прыстаўка

Трактат Мацея Сарбеўскага «De acuto et arguto» («Аб вастрыні і досціпе») (1619/1626): пытанні жанру і кампазіцыі помніка

З гісторыі стварэння трактата «De acuto et arguto» («Аб вастрыні і досціпе»). Першапачатковая версія трактата, выкладзеная Сарбеўскім у 1619 г. у Полацкім езуіцкім калегіуме, да нашага часу не захавалася. Асноўныя палажэнні трактата былі істотна перагледжаны аўтарам і агучаны на публічнай лекцыі ў Рыме ў 1623 г. Лекцыя выклікала пэўны рэзананс у тагачасным навуковым свеце, стаўшы ўнёскам паэта ў дыскусію еўрапейскіх гуманістаў аб прыродзе дасціпнага. Паводле слоў Сарбеўскага, ён «старанна даследаваў гэтае пытанне, абмяркоўваючы яго ў прыватных сустрэчах і праз ліставанне з самымі адукаванымі людзьмі Італіі, Францыі і Германіі» [1, 14–16]1. Версія трактата, якую мы маем сёння, была запісана са слоў Сарбеўскага падчас паўторнага выкладання ў Полацкім езуіцкім калегіуме ў 1626 г.

Кампазіцыя і логіка разгортвання зместу трактата «Аб вастрыні і досціпе». Помнік складаецца з прадмовы і сямі раздзелаў (назвы раздзелаў пададзены ў Табліцы). Агульную схему разгортвання зместу трактата можна выявіць так: спачатку Сарбеўскі выкладае погляды папярэдніх даследчыкаў «вастрыні», пасля раскрывае свой погляд на дадзеную праблему, далей абвяргае папрокі сваіх апанентаў. Кампазіцыя трактата блізка кампазіцыі дыспутаў і іншых палемічных твораў.

Табліца 1
Змест трактата «De acuto et arguto» па раздзелах

Назва раздзела ў полацкай версіі трактата (1626)

Змест

Імавернасная наяўнасць раздзела ў рымскай лекцыі (1623)

Маім слухачам

Прадмова

Раздзел I, дзе абвяргаюцца розныя погляды адукаваных людзей на сутнасць вастрыні

Разгляд пяці канцэпцый папярэднікаў

Раздзел II. Больш верагодны погляд на сутнасць вастрыні

Выкладанне аўтарскай канцэпцыі

+

Раздзел III, дзе паказаная сутнасць вастрыні ілюструецца прыкладамі

Спіс прыкладаў

Раздзел IV, дзе абвяргаюцца папрокі маёй тэорыі і сцісла выкладаюцца спосабы адшукання вастрыні

Адказ на довады апанентаў

Раздзел V, дзе прапануюцца тры спосабы адшукання вастрыні

Спосабы адушання вастрыні

+

Раздзел VI, дзе абвяргаюцца іншыя папрокі маёй тэорыі і выкладаецца розніца паміж вастрынёй і досціпам

Размежаванне трох відаў «вастрыні»

Раздзел VII, дзе падаюцца спосабы адшукання досціпаў, якія палягаюць у гульні слоў

Разгляд 13-ці «спосабаў адшукання досціпу»;
выкрыццё памылковых уяўленняў аб «вастрыні»

У прадмове М. Сарбеўскі тлумачыць прычыны і мэты паўторнага выкладу свайго трактата ў Полацку.

У раздзеле I аўтар трактата выкладае і абмяркоўвае пяць канцэпцый сваіх папярэднікаў. Кожны з пяці поглядаў Сарбеўскі ўважліва аналізуе, паказваючы памылкі і хібы ў разуменні «вастрыні». Паколькі погляды апанентаў зводзяцца да атаясамлення «вастрыні» з пэўнай рытарычнай з’явай, Сарбеўскі паказвае сутнасную розніцу паміж «вастрынёй» і шэрагам паняццяў рыторыкі і філасофіі, такіх як «сентэнцыя», «неспадзяванае», «рэдкая і яскравая метафара», «параўнанне», «сафізм».

Раздзел ІІ трактата аўтар прысвячае выкладанню свайго погляду на «прыроду вастрыні». Сарбеўскі падае ўласную дэфініцыю «вастрыні» і тлумачыць гэтую дэфініцыю на аналогіі з «матэматычнай і матэрыяльнай вастрынёй» [1, 5]. Тамсама Сарбеўскі спрабуе акрэсліць «вастрыню» (acutum) праз яе «эфекты і ўласцівасці», якімі, на яго думку, з’яўляюцца «здзіўленне» (admiratio) і «задавальненне» (delectatio).

Раздзел III уяўляе сабой пералік антычных і новалацінскіх аўтараў з указаннем канкрэтных твораў і ўрыўкаў, якія Сарбеўскі рэкамендуе прачытаць як ілюстрацыю сваёй тэорыі «вастрыні».

У раздзеле ІV Сарбеўскі адказвае на довады сваіх апанентаў, якія папракаюць яго ў звядзенні тэматыкі «вастрыні» адно толькі да рытарычнага месца супрацьлегласцяў. У адказ Сарбеўскі ўказвае, што вастрыня «палягае не на саміх двух супрацьстаўленых элементах — на неадпаведным і адпаведным — але хутчэй на іх нейкай згодзе» і таму «вастрыня ніяк не можа быць узятая з рытарычнага месца супрацьлегласцяў, хутчэй з іншых рытарычных месцаў» [1, 11]. Аўтар паказвае на прыкладах як «спалучэнне адпаведнага і неадпаведнага» можа быць атрымана праз супастаўленне прадмета гаворкі з любым іншым рытарычным месцам.

У V раздзеле Сарбеўскі прапануе тры спосабы адшукання вастрыні, якія палягаюць на супастаўленні прадмета, «пра які трэба сказаць востра», з рытарычнымі месцамі. Разважанні аўтара ілюструе схема, якая мае назву «Трайны спосаб адшукання вастрыні праз трайное супастаўленне рытарычных месцаў». Напрыканцы раздзела Сарбеўскі абмяркоўвае пытанне патрэбнасці правілаў пры адшуканні вастрыні і неабходнасці ўсталявання прапорцыі паміж «талентам» (ingenium) і «правіламі» (praecepta).

Раздзел VI прысвечаны тлумачэнню розніцы паміж «вастрынёй» (acumen) і «досціпам» (argutia). На думку Сарбеўскага, існуюць тры разнавіднасці «вастрыні» (acumen): 1) «уласна вастрыня» (proprie acumina); 2) «вастрыня роўна як і досціп» (acumina iuxta ac argutia); 3) «вастрыня ў няўласным сэнсе» (acumina improprie).

У апошнім раздзеле трактата аўтар прыводзіць трынаццаць «спосабаў адшукання досціпу». Кожнаму спосабу Сарбеўскі дае азначэнне і адзін або некалькі прыкладаў (за выключэннем «рытарычнага» і «анаграматычнага» спосабаў, якія падаюцца без прыкладаў). Канец раздзела, аднак, не адпавядае тэме, што заяўлена ў назве раздзела. У апошніх двух абзацах, якія займаюць салідную частку трактата (5 % ад усяго аб’ёму), Сарбеўскі выкрывае памылковыя (у тым ліку свае ранейшыя) уяўленні аб «вастрыні».

Жанравая спецыфіка трактата «Аб вастрыні і досціпе». Як вынікае з тэксту помніка, лекцыі Сарбеўскага ў Полацку абодва разы адбываліся ў г. зв. «акадэміі»: «тое, што я… выклаў аб вастрыні і досціпе сем гадоў таму ў гэтай акадэміі» [1, 9–11]. Гэта падцвярджаецца запісам у езуіцкіх актах, паводле якіх пасада Сарбеўскага ў той час — «professor academicus» [3, 15]. Дагэтуль даследчыкі трактата не звярталі ўвагі на гэтую акалічнасць стварэння помніка. Між тым, без тлумачэння паняцця «academia» не магчымае правільнае разуменне жанру, кампазіцыі і гісторыі напісання трактата.

Паводле «Ratio studiorum», дакумента, у якім рэгламентавалася дзейнасць езуіцкіх вучэльняў, «акадэміяй» або «нашай акадэміяй» (academia nostrorum) называлася суполка пры калегіуме, у якую ўваходзілі здольныя студэнты для паглыбленага вывучэння і ўдасканалення ў нейкім прадмеце [3, 103]. Адрозніваліся «акадэмія філосафаў і тэолагаў» (Academia Theologorum et Philosophorum), «акадэмія рытараў і гуманістаў» (Academia Rhetorum et Humanistarum), «акадэмія граматыкаў» (Academia Grammaticorum). «Акадэмія рытараў і гуманістаў» збіралася раз на тыдзень, мела свае правілы і свайго настаўніка (moderator). Як напісана ў «Ratio studiorum», «moderator, prout opportunum iudicaverit, nunc lectiones seu quaestiones habebit de selecta aliqua materia vel auctore; nunc praecepta aliqua dicendi magis recondita ex Aristotele, Cicerone aliisve rhetoribus tradet; nunc aliquem auctorem percurret et ab academicis exiget; nunc iisdem problemata solvenda proponet et alia huiusmodi» («Мадэратару належыць, гледзячы па неабходнасці, ці правесці лекцыі або даследаванні па нейкай абранай тэме або аўтару, ці выкласці нейкія правілы маўлення, заснаваныя пераважна на Арыстоцеле, Цыцэроне і іншых рытарах, ці бегла прайсці нейкага аўтара і спытаць яго ў членаў акадэміі, ці прапанаваць ім да вырашэння <нейкую> праблему і штосьці іншае таго ж кшталту») [3, 110]. Падобна, што трактат «De acuto et arguto» быў тым праблематычным даследаваннем, якое Сарбеўскі прапанаваў членам Полацкай «акадэміі рытараў» спачатку ў 1619, а пасля ў 1626 г.

Прыналежнасць помніка да езуіцкай «акадэмічнай» лекцыі праяўляецца ў наступных рысах:

• Дыскусійны стыль выкладання. Пошукавы характар пытанняў, якія разглядаліся на пасяджэннях езуіцкіх «акадэмій», сфармаваў логіку разгортвання зместу трактата. Спачатку Сарбеўскі выкладае погляды папярэдніх даследчыкаў разглядаймай праблемы (Раздзел І), пасля тлумачыць свой погляд на «вастрыню» (Раздзел ІІ), далей абвяргае папрокі сваіх апанентаў (Раздзелы IV, VІ).

• Адносна невялікая колькасць дэфініцый. У параўнанні з іншымі жанрамі рытарычных падручнікаў, у якіх звычайна дамінуюць азначэнні тэрмінаў, у творы Сарбеўскага дэфініцыі даюцца толькі для новых, не знаёмых чытачу тэрмінаў.

• Яскрава выражаны дыдактычны пафас. Раздзел III, у якім Сарбеўскі падае спіс месцаў з класічных і новалацінскіх аўтараў, вельмі нагадвае заданне для самастойнага вывучэння. Пры гэтым Сарбеўскі ўжывае выказванні з імператыўнай мадальнасцю, кшталту «lege apud Martialem» («прачытай у Марцыяла»), «vide apud Bidermanum» («паглядзі ў Бідэрмана»). Можна меркаваць, што названым раздзелам падсумоўвалася першае паседжанне «акадэміі» езуітаў, напрыканцы якога Сарбеўскі хацеў даць своеасаблівае «хатняе заданне». У асобных месцах адчуваецца імкненне аўтара зрабіць сваю лекцыю максімальна даступнай для студэнтаў: «Спачатку я паспрабую растлумачыць сутнасць вастрыні праз матэрыяльнае падабенства, каб было больш зразумела пачаткоўцу» [1, 5]. Для нагляднасці Сарбеўскі выкарыстоўвае разнастайныя табліцы і схемы: «У цябе перад вачыма малюнкі і вобразы той і другой вастрыні» [1, 6].

• Практычная скіраванасць асобных раздзелаў. Раздзелы IV і VII змяшчаюць канкрэтныя спосабы адшукання «вастрыні» і «досціпу». Некаторыя рэкамендацыі Сарбеўскага выглядаюць як узоры, або мадэлі, гатовыя да выкарыстання: «калі хочаш сказаць што-небудзь вострае пра ўбачанага бяспёрага пеўня, трэба суаднесці <паняцце> пеўня з рытарычнымі месцамі і ў кожным затрымацца, шукаючы элемент адпаведнага і супярэчнага, гармонія якіх можа знаходзіцца ў дадзеным прадмеце, г. зн. у „пеўні“» [1, 11].

• Рысы жывой гутаркі і імправізацыі. Так, фінал раздзела VII не адпавядае тэме, заяўленай у назве раздзела. Часам Сарбеўскі прыводзіць прыклады са свайго ўласнага жыцця: «Аднойчы я падобна пажартаваў з чалавека, які папракаў, што я скарачаю і падаўжаю сярэдні склад слова „сатана“» [1, 17].

Гіпотэза пра змест і кампазіцыю рымскай версіі трактата «Аб вастрыні і досціпе». Ядро трактата складаюць раздзелы II, IV, V, у якіх Сарбеўскі выкладае сваё вучэнне «de acuto» («пра вастрыню»). Паводле нашай гіпотэзы, вучэнне пра «вастрыню» з’яўлялася асноўным зместам версіі трактата, агучанай у 1623 г. у Рыме. Тэзіс аб тым, што ранейшая версія трактата заканчвалася на V раздзеле, пацвярджаецца словамі самога Сарбеўскага: «Напрыканцы выкладу вучэння (ad calcem doctrinae) трэба спецыяльна адзначыць, што не трэба па-дзіцячы настойваць на гэтых правілах» [1, 14].

Канчатковую версію трактата Сарбеўскі палічыў неабходным дапоўніць вучэннем «de arguto» («пра досціп»). Гэтай тэме прысвечаны раздзелы VI і VII. Можна меркаваць, што размежаванне «вастрыні» і «досціпу» спатрэбілася Сарбеўскаму для адказу на ўпікі апанентаў, сцвярджаючых, што «ёсць шмат вельмі дасціпных выказванняў (argutissime dicta), якія зусім не маюць прыкметы нязгоднай згоднасці. Такімі з’яўляюцца амаль усе вострыя выказванні (omnia acumina), утвораныя праз анамінацыю, традукцыю і пэўную гульню слоў» [1, 15). Сарбеўскі адказвае, што выказванні такога кшталту не з’яўляюцца «сапраўднымі вострымі выразамі (vera acumina)» [1, 15) і называе іх «досціпамі» (argutia).

У адпаведнасці з патрэбамі жанру «акадэмічнай» лекцыі канчатковая версія трактата была дапоўненая прадмовай, раздзеламі І, дзе выкладаліся погляды апанентаў, ІІІ, дзе падаваўся спіс прыкладаў і ілюстрацый, і VII, дзе прапаноўваліся практычныя спосабы стварэння «досціпу». Гіпатэтычны склад раздзелаў у рымскай лекцыі Сарбеўскага (1626) паказаны ў Табліцы 1.

Такім чынам, паводле жанру помнік можа быць аднесены да навукова-даследчага трактата, які мае форму лекцыі. Спалучэнне ў адным помніку навукова-даследчых і дыдактычных функцыі выглядае цалкам натуральна для Сярэдніх вякоў, бо цалкам даследніцкіх і цалкам «навуковых» (не разлічаных на студэнтаў) сачыненняў не было. На кампазіцыю трактата паўплываў жанр «акадэмічнай» езуіцкай лекцыі, а таксама заўвагі апанентаў Сарбеўскага.

Літаратура

1. Sarbiewski, M. K. Wykłady poetyki (Praecepta poetica) / M. K. Sarbiewski / Przełożył i opracował Stanisław Skimina. — Wrocław-Kraków, 1958. — 523 s.

2. Stawecka, K. Maciej Kazimierz Sarbiewski. Prozaik i poeta / K. Stawecka. — Lublin: Wydawnictwo Towarzystwa Naukowego Katolickiego Uniwersytetu Lubelskiego, 1989. — 199 s.

3. The Jesuit Ratio Studiorum of 1599. Translated into English, with an introduction and explanatory notes by Allan P. Farrell, S. J. University of Detroit. — 1970. — 134 p.


 

Трактат «De acuto et arguto» цытуецца па выданні [1]. Пераклад на беларускую мову аўтара артыкула.

Скачать статью (rar)Скачать статью (pdf)


Сведения об авторе (2009 г.): Приставко Егор Владимирович — преподаватель кафедры классической филологии Белорусского государственного университета.

Выходные данные: Филологические штудии = Studia philologica : сб. науч. ст. / под ред. Г. И. Шевченко, К. А. Тананушко ; редкол.: А. В. Гарник [и  др.]. — Вып. 7. — Минск, 2009. — С. 55–60.

ISBN 978-985-518-201-7.