PHILOLOGIA CLASSICA

Сайт кафедры классической филологии БГУ


Научные статьи

А. У. Кірычэнка

Дзеяслоўна-іменныя спалучэнні ў беларускіх перакладах Евангелля паводле Яна

У сучаснай беларускай мове дзеянне, працэс ці стан могуць абазначацца як з дапамогай аднаслоўнага дзеяслова (згаджацца, намервацца, вырашыць), так і з дапамогай дзеяслоўна-іменных фразеалагізаваных спалучэнняў (даваць згоду, мець намер, прыняць рашэнне). Не ўсе філолагі адносяць такія перыфрастычныя звароты да фразеалагічных адзінак (напрыклад, В. У. Вінаградаў, І. Я. Лепешаў). На іх пагранічны характар звяртае ўвагу А. С. Аксамітаў. Такія словазлучэнні, як зрабіць агляд, прыняць абавязацельства, даць характарыстыку, выказаць сумненне, А. Я. Міхневіч называе паўфразеалагічнымі. Прычынамі іх існавання ён лічыць адсутнасць аднаслоўнага дзеяслова ў сучаснай мове, з’яўленне аманіміі (калі дзеяслоў утвараецца ад назоўніка) з ужо існуючым дзеясловам таго ж кораня і запазычанне назоўніка, ад якога патрэбна ўтварыць дзеяслоў [2, с. 98]. В. М. Тэлія — прыхільнік так званага «шырокага» падыходу ў фразеалогіі — лічыць дзеяслоўна-іменныя звароты часткай асноўнага корпуса фразеалогіі і называе іх «лексічнымі калакацыямі з аналітычным тыпам значэння» [6, с. 66].

Устойлівыя дзеяслоўна-іменныя спалучэнні — з’ява ўніверсальная для розных моў, у тым ліку старажытнагрэчаскай, што можна назіраць на прыкладзе Евангелля паводле Яна. Шырокае ўжыванне такіх канструкцый у арыгінале, безумоўна, паспрыяла таму, што яны актыўна выкарыстоўваюцца беларускімі перакладчыкамі. На наш погляд, асноўнай прычынай адэкватнай перадачы грэчаскіх зваротаў з’яўляецца сакральнасць біблейскага тэксту і страх парушэння аўтэнтычнасці арыгінала.

Далей мы разгледзім прыклады дзеяслоўна-іменных фразеалагізаваных спалучэнняў у грэчаскім тэксце Евангелля паводле Яна і параўнаем спосабы іх перакладу на беларускую мову наступных аўтараў: Лукі Дзекуць-Малея і Антона Луцкевіча (выданне «Новы Запавет і Псальмы», 1925–1931; [4]); Яна Станкевіча («Сьвятая Бібля: Кнігі Старога і Новага Закону», 1955– 1973; [5]); Біблейскай Камісіі пры Беларускім Экзархаце Маскоўскага Патрыярхату («Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста. Святое Евангелле паводле Іаана», 2005; [3]) і Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі («Евангелле паводле Яна», 2010; [1]).

Самымі распаўсюджанымі зваротамі з’яўляюцца тыя, каторыя ўтвораны дзеясловамі δίδωμι ‘даваць’, ἔχω ‘мець’ і ποιέω ‘рабіць’.

У большасці выпадкаў назіраецца абсалютна аднолькавы ў розных аўтараў і адэкватны арыгіналу пераклад словазлучэння διδόναι ἐξουσίαν — даваць уладу (5:27, 17:2). А ў вершы 1:12 такі спосаб абраны толькі ў перакладах Біблейскай Камісіі БПЦ (далей — БК) і Секцыі па перакладзе пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі (ККББ). Л. Дзекуць-Малей з А. Луцкевічам (Дз.-М.-Л.) і Я. Станкевіч (Ст.) пераклалі іменны кампанент кожны па-свойму: Ὅσοι δὲ ἔλαβον Αὐτόν, ἔδωκεν αὐτοῖς ἐξουσίαν τέκνα Θεοῦ γενέσθαι. — А тым, што прынялі Яго, веруючым у імя Яго, дало Яно ім сілу дзяцьмі Божымі стацца, тым, якія веруюць у імя Яго (Дз.-М.-Л.). — Але ўсім тым, што прынялі Яго, даў ім права стаць дзецьмі Божымі, тым, што вераць у імя Ягонае (Ст.).

Цэласнасць значэння дзеяслоўна-іменнага звароту можа быць пацверджана заменай яго аднаслоўным дзеясловам-сінонімам, што мы і бачым у некаторых перакладах спалучэння διδόναι ἀπόκρισιν (1:22, 19:9). Разам з адэкватным варыянтам даваць адказ тыя ж самыя аўтары выкарыстоўваюць лексему адказваць (Дз.-М.-Л., 19:9) або перакладаюць у абодвух вершах дзеясловам (ККББ).

Адным дзеясловам перакладзена і спалучэнне διδόναι ἐντολήν ‘даваць загад’, у Новым Запавеце — ‘даваць настаўленне, запаведзь’, але толькі ў вершы 11:57 у тэксце ККББ: Δεδώκεισαν δὲ καὶ οἱ ἀρχιερεῖς καὶ οἱ φαρισαῖοι ἐντολήν… — А першасвятары і фарысеі далі загад… (БК). — Архірэі-ж і фарысэі далі загад… (Дз.-М.-Л.). — Найвышшыя ж сьвятары а фарысэі выдалі загаду… (Ст.). — А першасвятары і фарысеі загадалі кожнаму… (ККББ).

Але ў вершы 12:49 для таго ж спалучэння διδόναι ἐντολήν перакладчыкі, акрамя Л. Дзекуць-Малея і А. Луцкевіча, абралі зусім іншыя лексемы для перадачы субстантыўнага кампанента, верагодна, з улікам таго, што суб’ектам дзеяння тут ужо з’яўляецца Бог: …ἀλλ’ ὁ πέμψας Με Πατὴρ Αὐτός Μοι ἐντολὴν ἔδωκε, τί εἴπω καὶ τί λαλήσω. — …а Айцец, Які паслаў Мяне, Ëн Мне запаведзь даў, што казаць і што прамаўляць (БК). — …але Айцец, што паслаў Мяне, Сам даў Імне расказаньне, што маю казаць а што гукаць (Ст.). — …але Айцец, які паслаў Мяне, Ён даў Мне запаведзь, што казаць і што гаварыць (ККББ).

Літаральна і аднолькава ва ўсіх аўтараў перакладзены звароты διδόναι δόξαν — уздаць/аддаць славу, διδόναι ὑπόδειγμα — даваць прыклад, διδόναι τὰ ῥήματα — даваць словы, διδόναι ζωήν — даваць жыццё.

Самым частотным дзеяслоўна-іменным зваротам Евангелля паводле Яна з’яўляецца ἔχειν ζωήν ‘мець жыццё’ (у большасці выпадкаў з азначэннем αἰώνιον ‘вечнае’; 3:15, 3:16, 3:36, 5:24, 5:26, 5:39, 5:40, 6:47, 6:53, 6:54, 10:10). Усе перакладчыкі абралі адзін беларускі эквівалент — мець жыццё (вечнае).

Абсалютна розныя спосабы перакладу аднаго спалучэння ἔχειν λύπην ‘мець смутак, гора, пакуты’ мы назіраем у вершы 16:22: і аналагічным зваротам (у Я. Станкевіча з цікавай назоўнікавай часткай немарасьць), і аднаслоўным дзеясловам: Καὶ ὑμεῖς οὖν νῦν μὲν λύπην ἔχετε. — Так і вы смутак цяпер маеце (БК). — Так і вы цяпер тужыце (Дз.-М.-Л.). — I вы цяпер маеце немарасьць (Ст.). — Так і вы цяпер смуткуеце (ККББ).

Такія ж самыя варыянты перакладу гэтага словазлучэння мы знаходзім і ў вершы 16:21, за выключэннем перакладу БК, у якім ἔχειν λύπην перадаецца як гараваць (магчыма, аўтары ўлічылі, што тут маюцца на ўвазе адчуванні жанчыны, якая нараджае дзіця).

Тры варыянты перадачы назоўнікавага кампанента мы можам бачыць у перакладзе звароту οὐκ ἔχειν πρόφασιν ‘не мець нагоды, апраўдання’ (15:22): …νῦν δὲ πρόφασιν οὐκ ἔχουσιν περὶ τῆς ἁμαρτίας αὐτῶν. — …а цяпер не маюць апраўдання за грэх свой (БК). — …а цяпер ня маюць адгаворкі ў грэху сваім (Дз.-М.-Л.). — …а цяпер ня маюць выбачэньня за грэх свой (Ст.). — Цяпер жа не маюць апраўдання за грэх свой (ККББ).

Таксама і дзеяслоўны кампанент аднаго грэчаскага словазлучэння можа перакладацца рознымі беларускімі лексемамі: ποιεῖν τὸ θέλημα ‘рабіць волю’ — выконваць волю (БК у вершах 7:17, 9:31; ККББ у вершах 4:34, 7:17, 9:31); чыніць волю (Ст. у вершах 4:34, 7:17; Дз.-М.-Л. у вершы 7:17); здзяйсняць волю (БК у вершы 4:34); спаўняць/выпаўняць волю (Дз.-М.-Л. у вершах 9:31 і 4:34); паўніць волю (Ст. у вершы 9:31).

Цікавасць выклікаюць спосабы перакладу не аднойчы выкарыстанага ў грэчаскім тэксце звароту ποιεῖν σημεῖον (σημεῖα) ‘рабіць знак (знакі) / азнаку (азнакі)’, калі гаворка ідзе пра тыя цуды, якія стварыў Хрыстос. Літаральны пераклад субстантыўнага кампанента прапаноўваюць у тэксце ККББ (рабіць/чыніць знак (знакі): 6:2, 6:30, 9:16, 10:41, 11:47, 12:18, 20:30), Я. Станкевіча (чыніць знак (знакі) у тых самых вершах), Л. Дзекуць-Малея і А. Луцкевіча (даць знак толькі ў вершы 6:30). Як зрабіць знаменне аднойчы перакладае гэты зварот БК (6:30). У астатніх вершах БК і Дз.-М.-Л. выкарыстоўваюць лексему цуд (рабіць/сатварыць цуд (цуды)).

Таксама ёсць выпадкі, калі ніхто з аўтараў не скарыстаў беларускі дзеяслоўна-іменны зварот у сваім тэксце для перакладу грэчаскага фразеалагізаванага спалучэння (5:11, 5:15): ποιεῖν ὑγιῆ ‘рабіць здаровым’ — ацаліць (БК) — аздаравіць (Дз.-М.-Л. і ККББ) — уздаравіць (Ст.).

У тэксце Евангелля паводле Яна сустракаюцца дзеяслоўна-іменныя звароты, утвораныя іншымі дзеясловамі: τιθέναι ψυχήν — класці/аддаваць жыццё (10:11, 10:15, 10:17), τηρεῖν λόγον — захоўваць/выпаўняць/дзяржаць слова (8:51), λαμβάνειν τὴν μαρτυρίαν — прымаць сведчанне (5:34), πράττειν τὰ φαῦλα — рабіць/чыніць зло/благое/ліха (5:29).

Немагчымасць дакладнага перакладу словазлучэння αἴρειν τὴν ψυχήν ‘паднімаць, захопліваць душу’ (10:24) прымусіла ўсіх аўтараў шукаць розныя моўныя сродкі: іншы ў лексемным плане ўстойлівы зварот ці зноў аднаслоўны дзеяслоў: …ἕως πότε τὴν ψυχὴν ἡμῶν αἴρεις; — …дакуль Ты будзеш таміць душы нашы? (БК). — …дакуль будзеш нас марочыць? (Дз.-М.-Л.). — Пакуль будзеш дзяржаць душу нашу ў няпэўнасьці? (Ст.). — Дакуль будзеш трымаць нас у няпэўнасці? (ККББ).

Такім чынам, як мы можам бачыць з вышэй прыведзеных прыкладаў, дзеяслоўна-іменныя фразеалагізаваныя спалучэнні шырока выкарыстоўваюцца як у грэчаскім арыгінале Евангелля паводле Яна, так і ў розных беларускіх перакладах і дапамагаюць аўтарам больш дакладна выразіць неабходную думку. Супастаўляльны і параўнальны аналіз спосабаў іх перадачы можа дапамагчы стваральнікам новага беларускага перакладу Новага Запавету ў працы над такім тэкстам, які б задаволіў прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій, прафесійных колаў і ўзроставых груп.

Літаратура

1. Евангелле паводле Яна [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: http://catholic.by/2/libr/bible.html.

2. МіхневічАЯ. Сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні ў беларускай мове : Трансфармацыйны аналіз / А. Я. Міхневіч. — Мінск : Навука і тэхніка, 1965. — 115 с.

3. Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста. Святое Евангелле паводле Іаана. На чатырох мовах: грэчаскай, славянскай, рускай і беларускай. З паралельнымі месцамі. Кн. 4-я. — Мінск : Свята-Петра-Паўлаўскі сабор, 2005. — 208 с.

4. Новы Запавет і Псальмы. У перакладзе Лукі Дзекуць-Малея і Антона Луцкевіча ды іншых [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: http://chasaslovec.info/index.php?do=cat&category=dmluck.

5. Сьвятая Бібля. У перакладзе Яна Станкевіча (за дапамогаю Майсея Гітліна) [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: http://chasaslovec.info/index.php?do=cat&category=stankevich.

6. ТелияВ. Н. Русская фразеология : Семант., прагмат. и лингвокультурол. аспекты / В. Н. Телия. — Москва : Шк. «Языки рус. культуры», 1996. — 285 с.

Скачать статью (rar)Скачать статью (pdf)


Сведения об авторе (сентябрь 2015 г.): Кірычэнка Арына Уладзіміраўна — кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры класічнай філалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (Мінск).

Выходные данные: Філалагічныя штудыі = Studia philologica : зб. навук. арт. / пад рэд. Г. І. Шаўчэнка, К. А. Тананушкі ; рэдкал.: А. В. Гарнік [і інш.]. — Вып. 8. — Мінск, 2015. — C. 41–44.

ISBN 978-985-500-897-3.