Я. У. Прыстаўка
Загадкі і творчыя заданні на занятках па лацінскай мове
Эўрыстычны і дыдактычны патэнцыял загадкі агульнавядомы. Выкарыстанне загадак, рэбусаў, творчых заданняў на антычную тэму адпавядае прынцыпам праблемнага навучання, дапамагае актывізаваць пазнавальную дзейнасць студэнтаў і ўключыць іх у працэс самастойнай «здабычы» ведаў.
Адна з самых важных задач выкладчыка лаціны палягае ў тым, каб раскрыць міжпрадметныя сувязі і актуальнасць дысцыпліны, паказаць, што лацінская мова — гэта не проста гістарычны феномен, што яна жывая і выкарыстоўваецца ў самых разнастайных сферах, пачынаючы ад навуковай тэрміналогіі да рэкламных слоганаў.
Для дасягнення гэтай мэты на занятках мы прапануем заданне знайсці публічныя надпісы на лацінскай мове. Знойдзеныя інскрыпцыі трэба сфатаграфаваць, перакласці і даслаць на электронную пошту. За кожны надпіс студэнтам дазваляецца вучыць на адзін афарызм менш, паколькі, на нашу думку, нават адзін самастойна знойдзены лацінскі артэфакт мае большую каштоўнасць, чым некалькі выразаў, завучаных для заліку/экзамену.
Выконваючы заданне, студэнты са здзіўленнем высвятляюць, што чуткі пра смерць лацінскай мовы некалькі перабольшаныя. Пра гэта красамоўна сведчаць шматлікія надпісы на беларускіх помніках, у каталіцкіх храмах, на рэкламных плакатах (In vino veritas!), на будынках навучальных устаноў, у інтэр’еры аптэк і крам. Vita est via накрэслена на памятным знаку «Пачатак усіх дарог Беларусі». Adorabo ad templum sanctum tuum in timore tuo — такая цытата з Псалмоў упрыгожвае ўваход у знакаміты касцёл Божага цела ў Нясвіжы. Summa cum laude — можна прачытаць на шыльдзе ліцэя БДУ, а на будынку Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва сцвярджаецца: Docemus vivere!
На дадзены момант архіў фотаздымкаў з лацінскім надпісамі налічвае некалькі сотняў адзінак, якія сведчаць пра прысутнасць лацінскай мовы ў візуальнай прасторы горада Мінска. Пры гэтым студэнты пакуль што так і не знайшлі самае багатае сховішча лацінамоўных інскрыпцый, якім з’яўляецца Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе фактычна побач з кожнай раслінай знаходзіцца шыльдачка з лацінскай назвай.
З гэтай жа мэтай — развянчаць міф пра тое, што лацінская мова далёкая ад жыцця — студэнтам прапануецца высветліць, як могуць быць звязаны амерыканскі долар, рымскі паэт Вергілій і вобраз Ісуса Хрыста. Абавязковая ўмова задання палягае ў неабходнасці звязаць усе тры элементы загадкі. Самыя цікаўныя са здзіўленнем знаходзяць на аднадоларавай купюры лацінскі выраз Novus ordo seclorum (‘Новы парадак вякоў’), не без дапамогі Вікіпедыі вызначаюць, што гэта недакладная цытата з «Буколік» Вергілія (IV, 5) і што ў гэтым творы сярэднявечныя мысляры бачылі прароцтва пра нараджэнне Хрыста.
Зразумела, што ў эпоху інтэрнэту заданні прыходзіцца фармуляваць такім чынам, каб іх не разгадалі ў першыя ж секунды пры дапамозе падручнай сусветнай павуціны. У той жа час імгненнага адказу на загадку не патрабуецца. У студэнтаў дастаткова часу, каб здзейсніць самастойнае даследаванне.
У тэме «Imperativus praesentis activi» студэнтам прапануецца наступная загадка. У 1899 г. немец Аўгуст Хорх (August Horch) арганізаваў сваё першае прадпрыемства ў галіне машынабудавання „Horch & Co“. Справы ішлі не надта, і Хорх быў вымушаны аб’яднацца з яшчэ некалькімі кампаніямі. Назву новай фірмы ўтварылі, пераклаўшы прозвішча Хорх з нямецкай мовы на лацінскую [3]. Пазней аўтамабілі пад гэтай маркай сталі вельмі папулярнымі па ўсім свеце. Што гэта за марка?
Дзеяслоў horchen ‘прыслухоўвацца’ менш ужывальны за дзеяслоў hören, таму марку аўтамабіля «Audi» звычайна адгадваюць студэнты, якія добра валодаюць нямецкай мовай.
Яшчэ некалькі загадак пакліканы паказаць, што лацінская мова шырока выкарыстоўваецца ў масавай культуры.
Сюжэт рамана вядомага расійскага пісьменніка круціцца вакол абрэвіятуры „Т. G.“ Пры экранізацыі гэтага твора лацінская абрэвіятура была заменена на „С. Д. Д.“. Назавіце кнігу і яе аўтара. Падказка: „Т. G.“ — гэта першыя літары двух слоў з афарызма Duobus disputantĭbus, tertius gaudet
.
За час нашага выкладання разгадку знайшлі ўсяго тры студэнты. Характэрна, што вытанчаны лацінскі афарызм, згаданы ў рамане Б. Акуніна «Стацкі саветнік» [1], у экранізацыі рэжысёра Ф. Янкоўскага быў заменены на вульгарнае Сожрите друг друга. Верагодна, такая падмена была абумоўлена тым, што кінастужка была арыентавана на больш масавую аўдыторыю.
Загадка Якая акадэмія мела лацінскі дэвіз: „Не варта казытаць дракона, які спіць“
разлічана на шматлікіх чытачоў раманаў пра Гары Потэра. Паводле версіі Дж. Роўлінг, юны чараўнік вучыўся ў акадэміі Хогвардз, дэвіз якой — Draco dormiens numquam titallandus. Адгадка дае магчымасць наглядна праілюстраваць той факт, што шматлікія еўрапейскія навучальныя ўстановы маюць лацінскія дэвізы.
Лацінская мова для беларусаў — не проста культурны феномен, гэта мова, на якой размаўлялі і пісалі нашы продкі. Не дарэмна ў колах беларуска-літоўскай арыстакратыі была папулярна легенда пра Палямона, паводле якой нобілі ВКЛ з’яўляюцца нашчадкамі рымскіх патрыцыяў, што прыплылі ў Балтыйскае мора, уцякаючы ад Нерона. Лацінская мова і ўвогуле антычнасць — гэта культурны код, пры дапамозе якога беларуская культура ўпісана ў агульную кампазіцыю еўрапейскай цывілізацыі.
Звычайна студэнты вельмі здзіўляюцца, калі я прашу адгадаць, як звязаны беларускі горад Пружаны, зубр і марка аўтамабіля «Alfa Romeo». А на адгадку ўказвае якраз наша лацінамоўная спадчына. На гербе горада Пружаны выяўлена змяя, якая паядае немаўля. Такую самую выяву можна ўбачыць на кожным аўтамабілі «Alfa Romeo», які сыходзіць з канвеера. Справа ў тым, што кампанія «Alfa Romeo» была заснавана ў Мілане, таму пры стварэнні эмблемы дызайнеры выкарыстоўвалі геральдычныя знакі, якія асацыяваліся з Міланам. Пружаны ў XVI ст. належалі каралеве Рэчы Паспалітай і вялікай княгіні ВКЛ Боне, якая паходзіла з міланскага роду Сфорца. Яе дачка Ганна падаравала гораду свой радавы герб. Менавіта гэты герб усхваляў М. Гусоўскі ў прадмове да сваёй паэмы «Carmen de statura, feritate ac venatione bisontis», прысвечанай каралеве Боне [4].
Гэтыя і іншыя загадкі апублікаваны аўтарам у дапаможніку [2], электронны варыянт якога можна знайсці на сайце кафедры класічнай філалогіі БДУ (http://graecolatini.bsu.by).
Літаратура
1. Акунин, Б. Статский советник / Б. Акунин. — Москва : Захаров, 2002. — 284 с.
3. Audi history [Electronic resource]. — Mode of access : http://www.audiusa.com/about/ audi-history. — Date of access : 15.07.2015.
4. Carmen Nicolai Hussoviani de statura, feritate ac venatione bisontis. — Cracoviae : Per Hieronymum Vietorem, 1523.
Скачать статью (rar)Скачать статью (pdf)
Сведения об авторе (сентябрь 2015 г.): Прыстаўка Ягор Уладзіміравіч — кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры класічнай філалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (Мінск).
Выходные данные: Філалагічныя штудыі = Studia philologica : зб. навук. арт. / пад рэд. Г. І. Шаўчэнка, К. А. Тананушкі ; рэдкал.: А. В. Гарнік [і інш.]. — Вып. 8. — Мінск, 2015. — C. 64–66.
ISBN 978-985-500-897-3.